Лідскае “Суквецце” ў Наваградку

Панядзелак, Люты 12, 2018 0

4 лютага 2018 года адбылася творчая паездка сяброў літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце” ў першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага слаўны горад Наваградак.

У склад лідскаай дэлегацыі ўваходзілі старшыня літаб’яднання “Суквецце”, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея пісьменнік Алесь Хітрун, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, бард Сяржук Чарняк і намеснік старшыні ТБМ, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Станіслаў Суднік.

хітрункчарняккякзалак

Імпрэза адбывалася ў Наваградскім гістарычна- краязнаўчым музеі. З боку гаспадароў бралі ўдзел наваградскія літаратары, сябры ТБМ, у тым ліку старшыня Наваградскай суполкі ТБМ “Узвышша”, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Святлана Абдулаева.

На пачатку прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць вялікага беларуса Барыса Кіта, ганаровага грамадзяніна Наваградка, які днямі пайшоў у лепшы свет.

Затым слова атрымаў Алесь Хітрун. Алесь распавёў пра дзейнасць літаб’яднаня “Суквецце”, пра лідскіх аўтараў, пра найбольш знакавыя імпрэзы і публікацыі, прачытаў некалькі сваіх вершаў.

Станіслаў Суднік пачаў свой выступ з верша пра сустрэчу Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі ў Заполлі, якая ці была, ці не, але, запісаная ў вершы, не блага пачуваецца  ў літаратурнай прасторы. Прагучалі іншыя вершы.

Сяржук Чарняк пачаў свой выступ з песні на словы наваградскага паэта Самсона Пярловіча. Далей пайшлі і лірычныя, і патрыятычныя творы.

Гаспадары адказалі бліскучымі выступленнямі  настаўніцы наваградскай дзіцячай школы мастацтваў, Наталлі Норык і прыхільніка беларускай мовы Аляксандра Абадзінскага з Карэлічаў, які прачытаў свой верш і выканаў песню. А Наталля Норык выконвала глыбока лірычныя песні на словы Святланы Абдулаевай, а таксама шчучынскага паэта Рычарда Бялячыца з Гародні. Асабліва легла на сэрца песня “Маэстра, я чакала Вас”, хоць сама Наталля і адмаўляецца называцца кампазітарам ці нават бардам.

— Я проста спяваю вершы, — гаворыць яна.

 

Маэстра, я чакала Вас

 

Мяцеліца спраўляла баль

Пад зорным небам

                         ў чыстым полі

Тым познім вечарам раяль

Гучаў прыгожа, як ніколі.

 

Яднала музыка гасцей

І ўсім давала шанц сагрэцца,

Нібыта добры чарадзей,

Каханне стукалася ў сэрца.

 

Адведзены быў свечкам час,

Як сімвалам маёй надзеі.

Маэстра, я чакала Вас!

А Вы

        на клавішы глядзелі.

Святлана Абдулаева.

 

Лідскія творцы былі ў Наваградку першы раз, наваградцы ў Лідзе не выступалі ні разу. І гэта пры тым, што раёны суседнія, ад Ліды да Наваградка — 50 км.

Неўзабаве, 21 сакавіка, майстры і аматары прыгожага пісьменства будуць адзначаць Сусветны дзень паэзіі. Ёсць нагода для арганізацыі буйных паэтычных святаў, а таксама такіх вось творчых паездак.

Закончылася сустрэча агульным выкананнем песні «Колькі ў небе зор» на словы А. Шыдлоўскага. Песня  «Простыя рэчы» на словы Міхала Анемпедыстава прагучала ў памяць пра выдатнага паэта і чалавека.

На завяршэнне хочацца адзначыць надзвычай цёплую атмасферу, якую стварылі гаспадары свята.

Яраслаў Грынкевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *