Не горш за Пятра Мышыца

Панядзелак, Люты 19, 2018 0

Гультаі з грыбамі, шчупак «па-графску», кнышы і скавароднік, а таксама некалькі дзясяткаў унікальных рэцэптаў, водар смачных страў, незвычайныя гісторыі з мінулага… Трэці раз на Лідчыне адбыўся раённы конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваёй кухні», які збірае не толькі калектывы клубных устаноў рэгіёна, але і шматлікіх гасцей з навакольных населеных пунктаў і іншых гарадоў.

Пазалетась гэты конкурс быў заснаваны тут, у Беліцы, летась убачыць разнастайнасць кулінарных вынаходніцтваў можна было ў аграгарадку Дворышча. Але сёлета конкурс ізноў вярнуўся ў Беліцу і ўжо на стала. Бо як зазначыла вядоўца Тамара Зенюкевіч, цяпер Беліца мае дакумент. Гаворка ідзе пра змешчаны ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага ліст караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста да ваяводы троцкага і інш. Мікалая Юр’евіча Радзівіла аб наданні каралеўскаму кухару Пятру Мышыцу дзвюх валок зямлі каля Беліцы. Такім чынам каралеўскі кухар стаў беліцкім земянінам (землеўладальнікам). А ці шмат каралеўскіх кухараў было зямянамі нашых краёў? Пытанне, канешне, да гісторыкаў, а для ўдзельнікаў конкурсу важным было адзначанае ў лісце вялікае майстэрства Пятра Мышыца, які змог заслужыць прызнанне караля ва ўмовах, калі ўвесь двор быў спешчаны італьянскай кухняй, заведзенай маці Жыгімонта Аўгуста каралевай Бонай. Ведай нашых, беліцкіх, ніякім там італьянцам не паддамося.

З самага рання ў мясцовай клубнай установе гучалі песні, а ля сталоў, накрытых вытканымі абрусамі і ручнікамі, завіхаліся жанчыны. Кожная прывезла з сабой незвычайныя рэцэпты страў, якія збіраліся ў вёсках роднай мясцовасці. Над глінянымі збаночкамі, патэльнямі і чыгункамі падымалася густая пара, а ад водараў, якія пранікалі ў кожны куток клубнай установы, галава ішла кругам. Хацелася паспрабаваць усё і адразу. Ветлівыя гаспадыні, рэкламуючы прысмакі, толькі распальвалі апетыт: запрашалі пакаштаваць стравы і нават крыўдзіліся, калі людзі трымаліся за жывот, бо наеліся.

ваверкакёдкікбеліцак

— Не верце таму, хто скажа, што посная ежа аднастайная, — усміхаючыся, заўважыла культарганізатар Тарноўскага Дома культуры Святлана Антонік. — Яна рознапланавая і багатая на смак. І каб даказаць гэта, мы ўзялі і зазірнулі ў скарбонку посных рэцэптаў графскага кухара Андрэя Багданца. Граф Маўрас валодаў не толькі маёнткам, вёскамі, але і ўласным млыном, на які прывозілі ўраджай з навакольных палёў. На кухні графскага кухара мука прысутнічала ў розных відах. Была пшанічная, жытняя, грэцкая, прасяная, аўсяная і нават гарохавая. Вось, напрыклад, бліны сялянскія «Вясёлка». У іх склад уваходзіць грэцкая, аўсяная, пшанічная мука. Фаршыраваны шчупак «па-графску» ўключае начынку адразу з трох розных каш, «бульбяшыкі па-тарноўску» прадстаўлены з капустай і грыбамі…

Нарэшце доўгачаканы момант — падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў — наступіў. Гарачыя спрэчкі спынілі галасаванне і колькасць набраных балаў. У выніку першае месца ў раённым фестывалі-конкурсе «Спазнай смак сваёй кухні» дасталося філіялу «Ваверскі Дом культуры», другое — філіялу «Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу», трэцяе — філіялу «Ёдкаўскі Дом культуры».

Пры падвядзенні выні-каў адзін з членаў журы зазначыў:

— Калі нашыя продкі так харчаваліся ў пост, то якое багацце страў было ў іх у мясаед.

Што праўда так елі не ўсюды і не заўсёды, але тое, што на Лідчыне захаваная багатая кулінарная культура нашых продкаў і што ёй не дадуць прапасці і сысці ў нябыт, ёсць сёння бясспрэчны факт, як фактам ёсць і каларытная беларуская мова, якая гучала на працягу ўсяго фестывалю.

Паводле Вольгі Мацешы.

На здымках кулінары з Ваверкі, Ёдак і Беліцы.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *