ТЭКСТЫ ДА 11-й АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЫКТОЎКІ, рэкамендаваныя ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”

Чацвер, Люты 15, 2018 0

3-я УСТАЎНАЯ ГРАМАТА

Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Год назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо Расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь, не пытаючыся народа, укінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе свайго Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных звязах Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі, якія далі магчымасці чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасці, што забівае на смерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсці ў адносіны з зацікаўленымі бакамі, прапануючы ім перагледзець тую часціну Берасцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць мірную ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбавую перавагу беларускі народ, а ўласна: Магілёўшчыну, беларускія часткі Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднам, Беластокам і інш), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерняў, заселеныя беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка пацвярджае ўсе тыя правы і вольнасць грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года.

Абвяшчаючы аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дана ў Менску-Беларускім

24 сакавіка 1918 года.

25-ты САКАВІК

 

Ён прыйдзе, гэты дзень!

Ён не прыйсці не можа!

Ён прыйдзе —

й загудзе вясновы буралом,

пакрышыць, размяце,

раскідае, зніштожыць

усё, што нам шляхі да хаты замяло!

 

Ці чуеце?

Аб ім

шасціць быльнёг аселіц,

пяюць вятры ў лазе,

і звоніць крыгаў лёд.

Ахвяраю крыві,

а Слова стане Целам,

і ўжо ніколі больш

не ўстане Чорны Год.

 

Няхай бярэмя він

прыгнула нас, і крылы

апалі,

й хлеб чужы,

нясмачны і важкі,

няхай нас апавіў

тугой агорклы вырай, —

трывайма!

Ён ідзе —

Вялікі Сакавік!

Ідзе…

й пад ногі рунь

яму кладзецца,

таюць снягі,

на паплавох зяленіцца трава…

 

Радзіма!

Беларусь!

Каханая, святая!

Багаславі нас жыць

і веру захаваць!

Наталля Арсеннева.

 

НА ПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА

На пачатку было слова.

І слова было ў Бога.

І слова было —  “Беларусь”.

Не, гэта не святатацтва і не блюзнерства. Гэта праўда. Простая і звычайная. Звыклая, святая і адвечная. Як свет, адвечная праўда.

Бо і сапраўды на пачатку ўсяго нашага, беларускага, было слова “Беларусь”.

І словам тады была наша Беларусь. У ім, у слове гэтым, бруіла і пульсавала жыццё. Быў сэнс для жыцця, і было жыццё многіх і многіх людзей і пакаленняў, родаў і асобаў, якія вынікова намагаліся ўвасобіць слова ў справу. І слова тое станавілася жыццядайным промнем, нязгасным знічам у змроку, поклічнай паходняй на шляху з цемрадзі да святла.

І было яно сапраўдным і праўдзівым святлом, якое сваёй усяіснай пранікальнасцю прасвятляе, ажыўляе і перастварае кожнага, хто да яго датыкаецца альбо з ім судакранаецца, хто імкнецца да яго, прагне яго, як здарожаны і знябожаны падарожнік прыпадае да ратавальнай крынічкі, глытком асвяжальнай вады аднаўляе свае сілы — каб далей ужо без святла гэтага не жыць. Каб самому паверыць у стваральную моц слова і захапіць верай іншых, падняць з каленяў, узвысіць да святла і неба сілай ягонай зваблівасці. І, не схіляючы галавы, нястомна ісці на покліч гэтага святла, святлом разганяючы цемру на сваім шляху.

І слова тое станавілася плоццю, увасаблялася, учалавечвалася ў душы людзей. Душа ж людская — несмяротная. Значыць, і слова святое “Беларусь” насычалася несмяротнасцю, станавілася поклічным, уздымным і стваральным. Ад веку і давеку. Ад мінулага праз час сённяшні — да будучыні.

Але на самым пачатку пачаткаў слова гэтае апераджала людзей і справы, і памкненні іхнія, бо было раней за іх, раней за плоць і свядомасць іхнюю. І як Дух насіўся над бясплоднай пустыняй, так і слова, набрынялае існасцю, ускрыленае надзеяй, насілася над светам, пакуль не знайшло прыстанішча свайго, пакуль ад Бога не нарадзілася і не апусцілася на зямлю белакрылай пташкай — і абжыло яе, і духам сваім ажывіла, і адметнасцю сваёю пазначыла.

Калі ж набыло слова жывую плоць — сталася Бацькаўшчынай, Айчынай, калыскай, краем і загонам родным, зямлёю тутэйшай, ператварыла яе ў палетак засеяны, і дагнала тое, што апярэджвала людзей і дзеі іхнія, і пераўвасобіла безыменнасць ягоную ў рэальнасць і дадзенасць з найменнем зразумелым, непаўторным, дарагім і адзіным на ўвесь свет — “Беларусь”.

І там, дзе шчырасцю сваёй парупіўся пра справу беларускую і адзін, і другі, і трэці, гурт зычліўцаў і спагаднікаў утварыўся, справа святая паўстала.

Анатоль Бутэвіч.

 

У КНІГАРНІ

Сённяшняя кнігарня — не толькі будыніна, дзе багата кніжак, якія прадаюцца, купляюцца. Тут — і месца сустрэч са знаёмымі і з тымі незнаёмымі, якія становяцца таксама знаёмымі. Тут — і месца ацэнкі кніжкам, месца крытыкі, а то і, хоць часам, хоць рэдка, самакрытыкі. Тут (калі б пачуў!) — і экзамен аўтару. Тут і пакупец здае сам сабе экзамены на сваю вучоную ці чытацкую сталасць.

У кнігарні нагледзішся, пакуль сам глядзіш, «абмацваеш» кніжку, людзей розных і ўсякіх. За дзень праходзяць сотні каля кожнага прылаўка. Шукальнікі думкі і экзотыкі, праўдалюбцы і «кротусы». Шукальнікі кніжак, з якіх «зробяць» новыя кніжкі. Шукальнікі суровага рэалізму і прыгодніцкіх гісторый.

Балельшчыкі-кніжнікі — зусім іншая аўдыторыя, чым, скажам, наведвальнікі баксёрскіх сустрэч або футбольных гульняў. Балельшчыкі-кніжнікі звычайна скупыя на словы: сказаў слова-два ці адказаў адным-двума словамі — і хто ўткнуўся, хто ўнурыўся ўвесь усім у кніжку, хто разглядае яе, чытае мясціны і сам сабе ўсміхаецца, хто сам сабе нешта скажа, хто з нягодаю і, як лішняе, кладзе кніжку на прылавак.

Фёдар Янкоўскі.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *