ДЗЕЛЯ КАРЫСЦІ СЭРЦАЎ

Аўторак, Сакавік 27, 2018 0

Сёлета ўпершыню ў  навучальных установах Нясвіжчыны далучыліся да напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У школе № 4 палічылі, што правільным будзе распачаць добрую традыцыю менавіта старшакласнікам, вучням блізкім да выхаду ў самастойнае жыццё. Дыктоўка «Дзеля карысці сэрцаў» (паводле А. Ельскага) напоўнена і мудрай патрыётыкай, і бацькоўскім павучаннем — любіць і спасцігаць сваё, адвеку роднае.

У Нясвіжскай гімназіі ўдзельнікамі дыктоўкі былі вучні сярэдніх і старэйшых класаў (а гэта 127 чалавек). Цікава, што дыктавалі не толькі выкладчыкі роднай мовы, але і іншыя настаўнікі-прадметнікі — выдатны пачатак, варты пераймання.

Свята роднай мовы ў Нясвіжскім педкаледжы ўключала і дыктоўку — спецыяльнасць «Замежная мова» — тэкст «Не новы абразок» паводле У. Сыракомлі (выкладчык І.У. Хацько), спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя» — тэкст «Дзеля карысці сэрцаў” (выкладчык М.Ф. Енчык), спецыяльнасць «Фізічная культура» — тэкст «Жывы паэт» (выкладчык Л.І. Кіпець). Творча паставіліся да арганізацыі дыктоўкі будучыя педагогі. Як адзначыла дырэктар установы Алена Васільеўна Жураўлёва, яны распрацавалі адметныя бланкі са сваёй сімволікай; пісаць на іх з памыкамі, непрыгожа, без старання было немагчыма.

Пятнаццаць вучняў Карцэвіцкай школы ў вольны ад заняткаў час пад кіраўніцтвам настаўніцы роднай мовы Ірыны Уладзіміраўны Гацілы таксама засяроджана і старанна выводзілі на паперы даўнія парады продкаў.

22 лютага ў рамках Дэкады роднай мовы зладзілі Агульнанацыянальную дыктоўку ў садку № 4 г. Нясвіжа. Яе ідэйным натхняльнікам была старшыня гарадской суполкі, ветэран дашкольнага выхавання Зоя Мікалаеўна Кулік. Яна ж і дыктавала. А пісаць сабралася немалая грамада, каля паўсотні. На роўных, рука ў руку выводзілі родныя слоўкі кіраўнікі ўстановы і шараговыя супрацоўнікі, бацькі маленькіх выхаванцаў і  навучэнцы мясцовага педкаледжа, якія  праходзяць тут практыку.

Усяго ж на Нясвіжчыне да напісання сёлетняй дыктоўкі далучылася 360 чалавек, а гэта ў параўнанні з папярэднім годам  больш аж у дзесяць разоў. Вось бы захаваць такую прагрэсію надалей, не дзеля ліку — дзеля карысці сэрцаў.

Наталля Плакса, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *