Дзень роднай мовы ў Палацы культуры

Аўторак, Сакавік 6, 2018 0

У Міжнародны дзень роднай мовы ў Палацы культуры горада Ліды прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты. Па-першае, калектыў Палаца культуры актыўна падтрымаў акцыю «Размаўляй са мной па-беларуску!», і на працягу дня яго работнікі віталі калег і наведвальнікаў установы на беларускай мове. У фае ў той дзень дзейнічала анімацыйна-музычная пляцоўка «Ведамі багатыя», дзе для наведвальнікаў праводзіліся гульні, у ходзе якіх правяралася веданне імі беларускай мовы, і традыцыйныя беларускія гульні, ахвотныя таксама маглі паслухаць жывую цымбальную музыку. У гарадской дзіцячай бібліятэцы, што месціцца ў памяшканні Палаца культуры, дзейнічала кніжная выстава твораў беларускамоўных пісьменнікаў.

канцэрт2канцэрт4канцэрт1

А ўвечары ўсіх ахвотных запрасілі ў малую залу — на бард-сустрэчу «І песняй загучыць душа», асноўнай мэтай якой было адкрыццё цудоўнага свету пявучай беларускай мовы для маладога пакалення. На працягу мерапрыемства ў зале гучалі цудоўныя вершы беларускіх паэтаў, творы таленавітых маладых выканаўцаў аўтарскай песні, песні з рэпертуару вядомых усяму свету «Песняроў» і папулярных беларускіх вакальных груп. На малой сцэне выступалі народны ансамбль «Вербніца» і таленавітыя навучэнцы Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, а таксама Гарадзенскага каледжа мастацтваў. Акрамя таго, у мерапрыемстве прынялі ўдзел салісты эстраднай студыі «Акцэнт», удзельнікі народнага тэатра гульні «100 сяброў», народнага ансамбля скрыпачоў «Славяначка» і рок-гурта «Прэмія» Палаца культуры горада Ліды.

У рамках бард-сустрэчы таксама прайшла творчая прэзентацыя карціны лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава «Малюся я небу…», прысвечаная заснавальніку і мастацкаму кіраўніку вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» Уладзіміру Мулявіну.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *