Міжнародны дзень роднай мовы ў доме паэта Валянціна Таўлая

Аўторак, Сакавік 6, 2018 0

Міжнародны дзень роднай мовы не абмінуў і літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Бо менавіта тут, як заўважана, пастаянна гучыць беларускае слова, тут пануе атмасфера беларускасці.

З самага рання сюды завіталі на экскурсію дзеткі з дзіцячага садка № 24, затым — студэнты педагагічнага корпуса Лідскага каледжа. З вуснаў малодшых і старэйшых наведвальнікаў гучала толькі беларуская мова. Ім цікава было паслухаць пра творчасць паэта Валянціна Таўлая, лідскіх майстроў мастацкага слова. Уся гэтая інфармацыя для іх стане карыснай у далейшай вучобе.

Ужо другі год літаратурнае аб’яднанне «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты», якое тут размяшчаецца, вырашыла чарговае пасяджэнне прысвяціць роднай мове. Сабраліся майстры прыгожага слова, настаўнікі, а таксама супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея. Ужо стала традыцыяй, калі з 2008 года Тава-рыства беларускай мовы пачало праводзіць у гэты дзень агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў. Не абышлі яе і ў доме паэта В. Таўлая. На гэты раз дыктоўка была аб’яўлена пад 11 нумарам. Кіраўнік літаб’яднання «Суквецце», супрацоўнік музея Алесь Хітрун зачытаў урывак з твора беларускага пісьменніка Анатоля Бутэвіча «На пачатку было слова». Па-сля яго напісання прайшла праверка, у выніку чаго былі падведзены вынікі. І так, І месца атрымала супрацоўнік музея Святлана Мартыненка (між іншым, і ў тым годзе яна таксама сябе актыўна праявіла ў майстэрскім напісанні дыктоўкі), ІІ  месца падзялілі паміж настаўніцай рускай мовы і літаратуры СШ №11 Анашкевіч Наталляй і паэтамі Маркевіч Ірынай, Сліўко Ірэнай, а трэцяе адпаведна атрымалі ўсе астатнія ўдзельнікі — галоўны рэдактар газеты «Наша слова» Станіслаў Суднік, паэты Ірына Бараздзіна, Шот Людміла, Гуліцкі Дзмітрый, супрацоўнік музея Саладухін Іван.

Арганізатар мерапрыемства Алесь Хітрун.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *