Напісалі дыктоўку і дакрануліся да кніжнай спадчыны Скарыны

Аўторак, Сакавік 6, 2018 0

Да міжнароднага дня роднай мовы публічнымі бібліятэкамі Лідчыны быў прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў для іх наведвальнікаў (у першую чаргу для дзяцей і моладзі), якія праходзілі з панядзелка па пятніцу. Гэта былі кніжныя выставы беларускамоўных выданняў, літаратурныя ўрокі, гадзіны роднай мовы, конкурсы і інш. Галоўнымі ў шэрагу гэтых мерапрыемстваў сталі агульная дыктоўка і адкрыццё выставы «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», якія прайшлі ў чытальнай зале раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы непасрэдна ў Міжнародны дзень роднай мовы.

бібліятэка2

Праверыць сваю пісьменнасць і напісаць дыктоўку на беларускай мове ў той дзень меў магчымасць любы наведвальнік бібліятэкі. Тэкстам, выбраным для дыктоўкі, быў урывак з твора Фёдара Янкоўскага «У кнігарні». Дыктавала тэкст намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Алена Быстрыцкая. Дарэчы, як адзначыла Алена Адамаўна пасля праверкі напісанай удзельнікамі дыктоўкі (а ахвотных прыняць у ёй удзел было нямала), тэкст (хоць і  не з лёгкіх) быў напісаны даволі граматна, толькі ў асобных выпадках сустракаліся пунктуацыйныя памылкі.

галяккнігік

Адразу пасля напісання дыктоўкі ў той жа чытальнай зале адбылася прэзентацыя кніжнай выставы «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», якую правяла галоўны бібліёграф бібліятэкі Галіна Курбыка. Выстава ўяўляе сабой поўны збор кніг, надрукаваных беларускім першадрукаром і асветнікам. Шматтомнае факсімільнае выданне складаецца з 20 тамоў, якія ўяўляюць сабой поўны збор 25 кніг, надрукаваных Скарынам у Празе ў 1517-1519 гадах і ў Вільні ў 1522-1525 гадах. Згаданае шматтомнае выданне Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы атрымала ў канцы мінулага года ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Наведвальнікі выставы атрымалі ўнікальную магчымасць паглядзець усе дваццаць кніг.

Аляксандр

МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *