У Лідзе прайшоў першы этап Міжнароднага ультрамарафону «Самапераадоленне»

Панядзелак, Сакавік 19, 2018 0

Сонечнай марозна-легкадумнай нядзельнай раніцай 4 сакавіка завяршыўся ў Лідзе першы этап Міжнароднага фэсту-ультрамарафону «Самапераадоленне».

Назва фэсту «Самапераадоленне» вельмі сімвалічнае. Удзельнікам прыйшлося пераадольваць не толькі сябе і дыстанцыю, але і капрызы надвор’я, якому ўздумалася ў першыя дні каляндарнай вясны ўзбадзёрыць нас ласкавай завірухай

Натхніцель і адзін з арганізатараў лідскага ультрамарафону, старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Леанід Анацка, які ўжо неаднаразова прымаў удзел у ультрамарафонскіх забегах выказаўся, што падчас забегу «галоўнае не змакрэць і не змерзнуць». Першая праблема была знята надвор’ем, і змакрэць на дыстанцыі было няпроста. Цяжэй было не змерзнуць.

Магчыма, з-за капрызаў прыроды, не ўсе ўдзельнікі ультрамарафону, якія даслалі свае заяўкі, змаглі прыняць у ім удзел. Раней мы ўжо пісалі, што для ўдзелу ў забегах заяўкі даслалі 32 чалавекі, але ў спаборніцтвах прынялі ўдзел толькі дваццаць.

Удзельнікі змагаліся на трох часавых дыстанцыях: 48, 24 і 12 гадзін. У 12-гадзінным забегу прынялі удзел 4 чалавекі, у 24-гадзінным — 2 чалавекі. Самым масавым аказаўся 48-гадзінны забег, у якім стартавала 14 чалавек. Сярод іх было і двое лідзян — Леанід Анацка і Алег Салянік.

хахолклюдзікмінецканацкак

У 12-гадзінным забегу першым стаў Павел Лысенка з Маларыты (Берасцейская вобласць) з вынікам 95 кіламетраў, другім быў госць з Кіева Валерый Хрыстэнак. Яго вынік 84 кіламетры 665 метраў. Трэцім прызёрам на гэтай часавай дыстанцыі стаў Яўген Дзядоў з Кішынёва з вынікам 84 кіламетры.

Сярод «сутачнікаў» наймоцным быў Віктар Лісоўскі са Шчучына з вынікам 137 кіламетраў. На 35 кіламетраў менш прабег мінчук Анатоль Лапуць, які заняў 2-е месца.

Сярод тых, хто ў гэтых няпростых умовах не пабаяўся выйсці ў забег на 48 гадзін, лепшым быў мінчук Пётр Рагой-ша. Яго вынік не можа не ўразіць — 271 кіламетр 495 метраў. Дарэчы, Пётр упершыню ўдзельнічаў у двухсутачным ультрамарафоне. Не на шмат меней за яго прабег расеец Васіль Дзюкін, якому 13 сакавіка будзе ўжо 60 гадоў. Яго вынік 256 кіламетраў. Трэці вынік таксама ў расейца Андрэя Зіноўева — 233 кіламетры.

Сярод жанчын у 48-гадзінным забегу лепшай была мінчанка Аксана Сулімчык з вынікам 221 кіламетр.

Асоба хочацца адзначыць паказаўшую другі вынік Ларысу Лабарткову з Львова. У студзені гэтага года ёй споўнілася 69 гадоў, і ў гэтым узросце яна за двое сутак здолела пераадолець 212 кіламетраў. Трэцяй была яшчэ адна мінчанка Святлана Ярац з вынікам 182 кіламетры.

Першы этап лідскага ультрамарафону завяршыўся. Другі і трэці яго этапы пройдуць у верасні і снежні гэтага года. Тады і будуць падведзены яго канчатковыя вынікі. Але ўжо цяпер можна сказаць, што наш горад цалкам можа стаць горадам ультрамарафонцаў. Ва ўсякім разе, усе яго цяпера-шнія ўдзельнікі адзначылі добры ўзровень арганізацыі першага этапу.

У першым этапе пакуль узялі ўдзел толькі двое лідзян — Леанід Анацка і Алег Салянік. Але, як той казаў, цяжка пачаць, ды лёгка канчаць. Леанід Анацка пераадолеў за двое сутак 192 кіламетры 246 метраў. У Алега, які ўпершыню выйшаў на ультрамарафонскі забег пакуль, у параўнанні з іншымі ўдзельнікамі, вынік сціплы — 70 кіламетраў. Але давайце прызнаемся: а ці многія з нас здольныя на нешта падобнае? Ці многія з нас змогуць сказаць сабе: я перамог сябе, перамог сваю ляноту, падняўся ў чымсьці над сабой учарашнім.

Не многія. Але многія сябры ТБМ падтрымлівалі Лявона Анацку. Вядоўцам адкрыцця і закрыцця этапу быў сябар Лідскай гарадской ар-ганізацыі ТБМ Алег Лазоўскі, які ўсю імпрэзу вёў на беларускай мове. Тэхнічна падтрымлівалі марафон Лідская гарадская і Ёдкаўская аргані-зацыі. Сябры ТБМ у канцы павіншавалі Лявона Анацку з удалым завяршэннем і ўручылі каштоўны падарунак.

Безумоўна, асноўная арганізацыйная нагрузка легла на Лідскі райвыканкам, Лідскі і Гарадзенскі спорткамітэты, але і грамадская падтрымка мае не малое значэнне.

Ультрамарафон у Лідзе — па сутнасці першае сур’ёзнае спартовае мерапрыемства, ініцыяванае ТБМ.

0154.by.  

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *