Зміцер Вайцюшкевіч даў канцэрт на малой радзіме

Аўторак, Сакавік 6, 2018 0

21 лютага пасля некалькіх гадоў перапынку ў Бярозаўцы адбыўся канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Для прыхільнікаў яго творчасці выступ у мясцовым Палацы культуры быў доўгачаканым яшчэ і таму, што сам артыст родам з Бярозаўкі. Канцэрт на сваёй малой радзіме Зміцер Вайцюшкевіч прысвяціў 25-годдзю выступу на сцэне, а таксама Дню роднай мовы, які адзначаўся акурат у гэты дзень. Музыка адзначыў, што вельмі важна выступаць беларускім артыстам не толькі на вялікіх пляцоўках, але і ў тых мясцінах, адкуль яны родам:

— Памятаюць мяне малога. Я вельмі рады сустрэчы. І я  вельмі рады, што прыйшлі людзі. Была тая атмасфера, якую артыст вельмі любіць. Не толькі я, а кожны. Таму я вельмі ўдзячны сваім родным бярозаўскім людзям. Будзем яшчэ спрабаваць трошкі нешта рабіць тут. І на Лідчыне, і на Гарадзеншчыне, і па ўсёй  Беларусі. Таму што ўсё ж такі беларускія артысты акрамя Варшаваў і Таронтаў павінны выступаць яшчэ і на Радзіме.

Пасля Бярозаўкі Зміцер Вайцюшкевіч плануе вясною зладзіць яшчэ некалькі сваіх выступаў у Віцебску, Барысаве, Менску, Лідзе, Гародні і іншых беларускіх гарадах, а таксама 25 сакавіка ў Варшаве.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *