Навіны Германіі «Баварыя» ў 28-мы раз стала чэмпіёнам Германіі па футболе

Серада, Красавік 18, 2018 0

Мюнхенская «Баварыя», 7 красавіка атрымаўшы ў гасцях буйную перамогу над «Аўгсбургам» (4:1) у 29-м туры нямецкай бундэслігі, стала недасягальнай для супернікаў і забяспечыла сабе 28-мы тытул чэмпіёна Германіі.

Гэта шостае запар чэмпіёнства «Баварыі», якая непадзельна пануе ў Германіі з вясны 2013 года. 6 тытулаў запар — новы рэкорд бундэслігі. Да «Баварыі» нікому не ўдалося стаць чэмпіёнам больш трох разоў запар.

За пяць тураў да фінішу ў актыве «Баварыі» — 72 ачкі, яе найбліжэйшы пераследнік, «Шальке-04″ з Гельзенкірхена, адстае на 20 балаў (!), дортмундская Барусія — ззаду праз 24 ачкі ад лідара.

Да чарговага золата «Баварыю» прывёў 72-гадовы спецыяліст Юп Хайнкес, які ў 2013 годзе завяршыў трэнерскую кар’еру, але вярнуўся ў прафесію пасля таго, як увосень 2017-га пасля серыі няўдач кіраўніцтва клуба вырашыла растацца з італьянскім настаўнікам Карла Анчалоці.

Юп Хайнкес у чарговы раз узначаліў «Баварыю» ў кастрычніку 2017 года і прывёў яе да чэмпіёнства ў бундэслізе. Акрамя таго, ён устанавіў яшчэ адзін рэкорд, здабыўшы з камандай 12 перамог запар у матчах Лігі чэмпіёнаў.

Наогул жа гэта чацвёрты прыход Юпа Хайнкеса да штурвала «Баварыі». Раней ён узначальваў каманду ў 1987-1991, 2009 і 2011-2013 гадах. І гэта ўжо чацвёртае золата Хайнкеса за рулём «Баварыі» (1989, 1990, 2013, 2018).

tut.by.

 Фота: fcbayern.com.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *