Жывы паэт

Панядзелак, Красавік 9, 2018 0

У перадапошні дзень сакавіка ў Нясвіжы сабраліся разам аматары  паэзіі, каб ушанаваць  памяць паэта Паўлюка Пранузы, яго 100-гадовы юбілей. Арганізатары, а гэта сябры ТБМ і супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, назвалі сустрэчу «Жывы паэт».

пранузачбаленакзалак

Хораша, цёпла гаварылі пра Паўла Кузьміча  дачка Алена Лявіцкая,  школьныя вучаніцы паэта Станіслава Вальчык, Наталля Плакса і літаратурны вучань Валерый Дранчук, супрацоўнік бібліятэкі Зоя Сілкова і зямляк Станіслаў Суднік. Так, праз  шматлікія ўспаміны і паўстаў паэт, як жывы. Невялікая дыктоўка, якую напісалі падчас літаратурнага свята, дапоўніла вобраз «маэстра рыфмаў». Словы для яе ўзялі з прадмовы Уладзіміра Ліпскага да  аднаго са зборнікаў нясвіжскага паэта, у якой  удзячна прыгадваюцца мілыя дэталі даўняй сустрэчы на Гарадзейскім цукровым камбінаце.

Да таго ж Уладзімір Сцяпанавіч даслаў у Нясвіж сваё прывітальнае слова: “Шаноўныя несвіжане! Перад тым, як узяцца пісаць дыктоўку пра вядомага Паэта, шчырага Педагога Паўлюка Пранузу, задумайцеся пра адну народную мудрасць: «Жыві так, каб было жыццё пасля жыцця». Як трэба жыць у зямным раі? Што рабіць, каб па табе засталася памяць? Якім ты павінен быць у сям’і,  на працы, з сябрамі?

Павел Кузьміч, сціплы і добры, шчыры і заўсёды з мілай усмешкай, даў свае ўрокі: будзь верны свайму чалавечаму гонару, будзь Беларусам, і рабі тое, на што скіраваў цябе Бог, калі пасылаў на Зямлю!

Поспехаў Вам у творчым раздуме над лёсам і жыццём Паўлюка Пранузы!”

Каб падмацаваць высновы таго роздуму, удзельнікі літаратурнай сустрэчы неаднойчы звярталіся да паэтавых радкоў, часам вельмі даўніх, яшчэ ваеннай пары:

У бліндажы, траншэі вузкай,

Хоць бой упарты бушаваў,

А роднай мовы беларускай

Ніколі я не забываў.

 

На гэтай мове калыханку

Спявала маці ў цішыні.

«За Беларусь!» — на грозным танку

Пісаў прад боем на брані.

 

А ў час кароткага прывалу,

Хоць стомлен, адпачыць бы рад,

Я зборнік з вершамі Купалы

Чытаў для землякоў-салдат.

 

…І даводзілі павярхоўным даследчыкам жыцця і творчасці П. Пранузы: памылкова сцвярджаць, што  ён «усё жыццё настаўнічаў у Нясвіжы і пісаў пра Сталіна, Леніна, партызан і мудрых старшынь калгасаў». Родная мова, матчына калыханка, Беларусь, Купала і Колас, землякі — вось апорныя словы яго паэзіі, трывалы і нязменны  падмурак  творчасці.

Станіслава Вальчык,

г. Нясвіж.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *