Да слова беларускага праз Слова Божае

Нядзеля, Травень 6, 2018 0

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 20 красавіка наведаў Ліду з важнай місіяй.

кандрусевічкаркестркзалак

Кіраўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі прыняў удзел у прэзентацыі Новага Запавету на беларускай мове. Гэта першы поўны афіцыйны пераклад на беларускую мову, выкананы беларускім рымска-каталіцкім касцёлам. Мерапрыемства адбылося ў сценах гістарычна-мастацкага музея Ліды.

Увосень прэзентацыя доўгачаканага выдання адбылася ў Менску ў касцёле святых Сымона і Алены і нацыянальнай бібліятэцы. А цяпер магчымасць урачыстасць вітаць Кнігу кніг выпала і нашаму гораду.

Сімвалічна, што заканчэнне працы супала з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Цікавы і той факт, што пераклад выкананы практычна адначасова з Праваслаўнай царквой Беларусі, што лішні раз пацвярджае рух дзвюх канфесій у адным кірунку.

Над канчатковым варыянтам кнігі калектыў перакладчыкаў працаваў на працягу 15 гадоў. Складанасць працы заключалася ў тым, што пераклад павінен быць зроблены менавіта на жывую сучасную беларускую мову. Таму праца была не столькі тэхнічнай, колькі творчай. Над выданнем працавалі супрацоўнікі секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў, якая працуе пры Каталіцкім касцёле Беларусі.

Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з прывітальным словам да лідзянаў. Касцёльны іерарх падкрэсліў значнасць падзеі як для ўсяго беларускага народа, так і для кожнага хрысціяніна ў прыватнасці.

Доктар біблейскай тэалогіі Марына Пашук выступіла перад лідзянамі з дакладам. Навуковы супрацоўнік распавяла, што адметнай асаблівасцю дадзенага перакладу з’яўляюцца геаграфічныя карты тых часоў, біблейскі слоўнік, а таксама храналагічная табліца падзей, звязаных з агульнай гісторыяй чалавецтва.

Пакуль выдадзена каля 2 тыс. паасобнікаў Новага Запавету. Напрыканцы мерапрыемства мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч уручыў кнігі Новага Запавету прадстаўнікам мясцовай улады, супрацоўнікам гістарычна-мастацкага музея, раённай бібліятэкі, прадстаўнікам Праваслаўнай і Грэка-каталіцкай цэркваў і інш. Набыць выданне ў Лідзе можна ў Фарным касцёле.

У праграме візіту таксама была сустрэча са старшынём райвыканкама Міхаілам Карповічам, а таксама наведванне экспазіцый гістарычна-мастацкага музея і Лідскага замка.

 Вольга Ніканенка,

0154.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *