Году малой радзімы прысвячаецца. Шырокі спектр краязнаўчых тэм

Аўторак, Травень 8, 2018 0

У Год малой радзімы яшчэ большае значэнне набывае краязнаўчая дзейнасць. На Лідчыне гэта дзейнасць звязана з вывучэннем Лідскага краю. Актыўную краязнаўчую работу праводзіць у тым ліку і Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Менавіта ў яе сценах днямі прагучаў шэраг дакладаў на краязнаўчыя тэмы — тут прайшла навукова-практычная канферэнцыя «VI лідскія чытанні. Лідчына: учора, сёння і заўтра», прымеркаваная да Года малой радзімы і 695-годдзя горада Ліды. На мерапрыемства былі запрошаны бібліятэчныя і музейныя работнікі, работнікі Цэнтра турызму і краязнаўства вучнёўскай моладзі, лідскія краязнаўцы, настаўнікі.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Ганчар і дырэктар раённай бібліятэкі Арцём Мартынаў.

ганчаркмартынаўкзалак

Тэмы дакладаў былі самыя розныя. Так, старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Мікалай Іода на прыкладзе прыватнай выстаўкі «Не стой пад стралой!», якая знаёміць з гісторыяй лукаў і арбалетаў, расказаў, як выстаўка прыватнай калекцыі можа паслужыць сродкам прыцягнення ўвагі да гісторыі роднага краю. Па тэме «Этнічная тапаніміка Лідчыны» выступіў пісьменнік, журналіст, краязнавец, рэдактар часопіса «Лідскі летапісец» Станіслаў Суднік, расказаўшы аб кельцкіх, балцкіх і славянскіх тапонімах на Лідскай зямлі. З гісторыяй археалогіі на Лідчыне, археалагічнымі даследаваннямі яе гістарычных помнікаў азнаёміў прысутных навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Ілля Пузаткін. Экскурс у мінулае і дзень сённяшні Дварышчанскага краю правёў краязнавец з аграгарадка Дворышча Віктар Кудла.

Загадчык аддзела краязнаўства Цэнтра турызму і краязнаўства Наталля Бразоўская коратка азнаёміла з праектнай дзейнасцю цэнтра ў галіне літаратурнага краязнаўства. Тэму вывучэння літаратурнай спадчыны Лідчыны працягнула настаўніца СШ № 11 Наталля Анашкевіч, азнаёміўшы прысутных з даследчай працай «Літаратурнае аб’яднанне «Суквецце»: гісторыя і сучаснасць». З дакладам па тэме «Краязнаўчыя выданні Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы выступіла галоўны бібліёграф бібліятэкі Галіна Курбыка. Дарэчы, Галіна Ра-манаўна падкрэсліла, што краязнаўства з’яўляецца адным з вядучых кірункаў дзейнасці бібліятэкі, шмат увагі работнікі бібліятэкі ўдзяляюць краязнаўчаму кніжнаму фонду.

ёдаканашкевічк

На аснове матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «VI лідскія чытанні. Лідчына: учора, сёння і заўтра» бібліятэкай на працягу года будзе складзены зборнік, які паслужыць дапаможнікам тым, хто цікавіцца краязнаўствам, гісторыяй роднай зямлі, той ці іншай тэмай, узнятай у ходзе канферэнцыі.

Трэба таксама адзначыць, што на працягу мерапрыемства ў канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала разгорнутая кніжная выстаўка «Святлом кнігі Лідчына сагрэта», прысвечаная 695-годдзю горада Ліды.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *