«сТАЎЛенне» або экскурсія па лідскіх сцежках паэта В. Таўлая

Аўторак, Травень 8, 2018 0

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень гістарычных помнікаў і мясцінаў. У Беларусі гэта свята годна адзначаецца, дзякуючы правядзенню ў красавіцкія дні «Фэсту экскурсаводаў», падчас якога можна трапіць на самыя разнастайныя і ўнікальныя аўтарскія экскурсіі па ўсёй краіне.

 

«Фэст экскурсаводаў» — гэта акцыя, якая нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Галоўная ідэя мерапрыемства — прыцягненне ўвагі людзей да тых гістарычных помнікаў, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень.

21 і 22 красавіка такія экскурсіі прайшлі па ўсёй Беларусі. Прынёманскі горад Ліда з задавальненнем таксама прыняў удзел.

Літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея арганізаваў пешы маршрут «сТАЎЛенне». У чым ён заключаўся? Першапачаткова трэба звярнуць увагу на назву — «сТАЎЛенне». Яна азначае пэўныя адносіны (стаўленне) таго ці іншага ўдзельніка (прыхільніка) да творчасці Валянціна Таўлая. Так, менавіта, да творчасці гэтага грамадска-палітычнага дзеяча, беларускага паэта нашай Лідчыны! У назве маршруту, між іншым, змяшчаецца частка яго прозвішча. Гэта маршрут — шляхамі В. Таўлая. Дзякуючы яму кожны зможа дазнацца пра жыццёвыя сцяжыны паэта ў нашым горадзе. А яны пракладзены праз увесь горад Ліда.

Трэба зазначыць, што мінулы год паклаў пачатак такога маршруту. У гэтым, 2018 годзе турыстаў сабралася нашмат болей, чаму, напэўна, паспрыяла цёплае надвор’е. Удзельнікамі экскурсіі сталі вучні сярэдняй школы № 11 пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Анашкевіч Наталлі Мікалаеўны, а таксама лідскія паэты — сябры літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыіі «Лідскай газеты».

Пунктам збору прыхільнікаў творчасці паэта стаў літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея па вуліцы Замкавая — 7, які, між іншым, у народзе прызвычаіліся называць “домік Таўлая”. У гэтым доме з 1939 па 1941 год жыў Валянцін Таўлай.

Агульныя звесткі пра жыццё і творчасць культурнага дзеяча прысутныя пачулі ў мемарыяльным пакоі паэта (адзіным, прысвечаным яму ў Беларусі). Адсюль і накіраваліся па распрацаваным маршруце.

Другім пунктам стала вуліца Мопраўская — 4, ААТ «Лідская мэблевая фабрыка», дзе турыстаў з задавальненнем чакала намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Енза Ларыса Славаміраўна. Гэты пункт, напэўна быў самы напружаны. Так сталася, што пад час Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчалася фашысцкая турма, у якую падпольшчык і парты-зан Валянцін Таўлай быў кінуты разам з бацькам Паўлам Дзям’янавічам, мачахай Сцепанідай Паўлаўнай і сястрой Нінай у верасні 1943 года. Да гэтага часу захаваліся тыя будынкі, якія прыстасавалі для апрацоўкі дрэва пад мэблю. Між іншым, захаваліся і турэмныя адзіночныя камеры, і краты, якія бачны нават з вуліцы. Экскурсантам давялося пабачыць і прайсці ў гэтыя памяшканні і пачуць цікавую інфармацыю з вуснаў Ларысы Славаміраўны.

падвалк

Далейшы шлях ляжаў па бульвары Гедыміна, які ў свой час называўся вуліцай Пілсудскага, пазней — Чапаева. Каля дома № 2 пашчасціла сустрэць старажыла гэтага дома — Чылека Мікалая Канстанцінавіча, які раскрыў новыя звесткі, што тычацца В. Таўлая. Так, драўляная хата, у якой жылі бацькі Таўлая — мачаха Сцепаніда Паўлаўна і бацька Павел Дзям’янавіч — знаходзілася насупраць аўтавакзала, амаль што на гэтым месцы, дзе і збудаваны гэты дом, будаўніцтва якога закончылася ў пачатку 1950 года. З вуснаў Мікалая Канстанцінавіча была пачута новая інфармацыя і пра пасляваенны лёс будынка каля замка, у якім жыў паэт.

Сцежка Таўлая прывяла турыстаў да Лідскага замка. Як мяркуецца, каля яго заходняй сцяны была сфатаграфавана група вучняў, сярод якіх і будучы паэт, якому было ўсяго 6-7 гадкоў. Месца гэтае было вызначана дзякуючы каменю, які добра бачны на захаваўшымся фотаздымку. А вось школа, у якой паэт атрымаў першыя веды, размяшчалася за паўночным бокам замка. Ад яе, нажаль, не захаваўся нават фундамент, але дзякуючы фо-таздымку гэтай навучальні — школы № 5 імя Людвіка Нарбута і некаторым гістарычным згадкам і меркаванням, гэтае месца было вызначана. З вуснаў экскурсавода быў пачуты першы верш паэта на польскай мове «Варабейкі», раскрыты новыя звесткі пра лёс грамадска-палітычнага дзеяча, дзякуючы дасланым успамінам яго сястры Ніны Таўлай-Радзюкевіч. Так сталася, што зборнік вершаў «Шляхі і краты» паэт так і не змог выдаць пры жыцці за свае 33 гады, але ж пасля смерці, праз год, у 1947 годзе, выйшаў зборнік «Выбранае». Адзін асобнік захоўваецца ў фондах літаратурнага аддзела. Яго і пашчасціла патрымаць у руках некаторым экскурсантам.

хітрунк

Сцяжыны Таўлая пракладзены праз увесь горад. Па-гэтаму канчатковым прыпынкам на гэты раз стаў Лідскі замак. Нажаль, тыя будынкі, праз якія быў пракладзены лёс паэта не захаваліся: гэта, напрыклад, былая рэдакцыя газеты «Уперад», у якой ён працаваў, дзесьці па вуліцы Сувальскай (цяпер Савецкай). Імя паэта носіць адна з вуліц нашага горада, па якой ходзяць лідзяне і госці горада, адна з бібліятэк у горадзе — таксама названа імем В. Таўлая, а сучасная рэдакцыя «Лідскай газеты» помніць свайго калегу, што і сцвярджае змешчаная на яе будынку мемарыяльная дошка. Усё гэта, хочацца верыць, вядома лідзянам.

Усё, што тычыцца жыцця В. Таўлая, а гэта фотаздымкі, меракаванні, успаміны літаратурны аддзел з задавальненнем будзе выкарыстоўваць і ў далейшых фэстах эскурсаводаў і пастараецца гэта зрабіць інтэрактыўна і пазнавальна.

Гайда, у літаратурны аддзел па вуліцы Замкавая — 7! Валянцін Таўлай чакае Вас!

PS: У матэрыяле змешчаны фотаздымкі настаўніцы рускай мовы і літаратуры СШ № 11 Анашкевіч Наталлі Мікалаеўны.

Алесь Хітрун,

навуковы супрацоўнік музея.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *