У аграгарадку Беліца адбыўся прыгожы абрад Юр’е

Аўторак, Травень 22, 2018 0

 

Да, мы Юр’е сустракаем!

Да, мы Бога звелічаем!

У аграгарадку Беліца Лідскага раёна 5 траўня адбыўся абрад Юр’е — «Юр’еў карагод». Згодна з павер’ем, Святы Юрай адмыкае зямлю, выпускае расу і распачынае рост усякай расліннасці, тым самым забяспечвае багаты ўраджай на ўвесь год. Вось і жыхары вёскі, а таксама работнікі філіяла «Беліцкі Дом культуры» ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» сабраліся, каб паўдзельнічаць у гэтым  народным свяце. Прыгожы абрад з’яўляецца традыцыйным для аграгарадка Беліца і збірае заўсёды шмат гледачоў, сярод якіх шмат людзей сталага ўзросту. У гэтым годзе фальклорнае свята прымеркавана да Года малой радзімы.

шэсцек

Спяваючы юр’еўскія песні, і ўслаўляючы Бога са словамі:

«Зарадзі, Божа, скацінку,

зарадзі, Божа, ніўку,

ячмень і пшаніцу,

і ўсяку пашніцу,»  —

удзельнікі абраду прайшлі праз увесь аграгарадок да крыжа, дзе развеслі вянкі з бярозы. Пасля пайшлі ў луг, ладзілі гулянне, вадзілі карагоды і спявалі песні. У гэтым годзе цікавым момантам абраду стала ўшанаванне пастухоў. Удзельнікі абраду адорвалі іх салам, маслам, малаком і яйкамі.

пастухік

Усім гуртам, калі варочваліся з лугу ў вёску, зайшлі да дому маладзіцы, якая паміж Юр’ямі выйшла замуж, і заспявалі песню:

Маладая, малодачка,

Выйдзі, выйдзі, выйдзі на вулачку,

Вынясь, вынясь, вынясь падарачак,

Падарачак, падарачак, паясочак,

Копу яек, копу яек на паўмісы,

Каўбасою, каўбасою абкружыці

Белым сырам, белым сырам залажыці.

 

Маладзіца вынесла пачастунак і кінула паясок, які лічыцца абярэгам ад усіх урокаў. Яго разрэзалі на маленькія часткі і раздалі ўсім удзельнікам абраду, каб збярог ад усяго нядобрага і нячыстага. Затым вярнуліся да месца, дзе распачыналі свята, і частаваліся падарункамі ад маладзіцы.

Вось так цікава і па-вясноваму ў аграгарадку Беліца ладзіцца Юр’е.

Вольга Троцкая

вядучы метадыст ДУ «Лідскі раённы

цэнтр культуры і народнай творчасці» .

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *