У Бярозаўцы хочуць усталяваць помнік заснавальніку шклозавода «Нёман»

Аўторак, Травень 22, 2018 0

Шклозаводу «Нёман» у Бярозаўцы, Лідскага раёна, сёлета спаўняецца 135 гадоў. Аднак у горадзе да гэтага часу няма помніка заснавальніку завода — Юліюсу Столе, які адыграў найвялікшую ролю ў станаўленні і развіцці горада. Таму мясцовыя актывісты вырашылі ўзяць справу ў свае рукі і паставіць у горадзе помнік чалавеку, дзякуючы якому горад фактычна і паўстаў. Як расказвае актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, шкляная кампанія Юліюса Столе была вядомая ў свеце:

— Пад яго кіраўніцтвам завод стаў вядомы на ўвесь свет: і ў Еўропе, і, нават, у Амерыцы ды Канадзе. Архіўныя крыніцы сцвярджаюць, што быў падараваны персідскаму шаху крыштальны ложак, выраблены ў Бярозаўцы, да таго ж там была адмыслова створана крыштальная ваза для сэрца Пілсудскага.

На платформе talaka.org адбываецца збор сродкаў, ёсць і першы праект помніка ад ініцыятыўнай групы. Як кажа актывіст Сяргей Пантус, пакуль яшчэ рана казаць пра тое, дзе і кім будзе вырабляцца помнік:

— Наша ініцыятыўная група пойдзе да канца. Помнік будзе ў тым ці іншым выглядзе. У нас вялікія спадзяванні і перспектывы на тое, што будзе менавіта, магчыма з невялікімі змя-неннямі, той праект, які зрабілі мы. Хто будзе вырабляць, вырашыцца пазней. Будзем шукаць і глядзець ужо па выніку збору сродкаў.

Актывісты плануюць, што помнік Юліюсу Столе ўсталююць у гарадскім парку Бярозаўкі блізу шклозавода «Нёман». Тым больш, што ў самім парку месціцца музычная школа — гэта былая сядзіба сына Юліюса Столе — Фелікса.

Яна Запольская,

Беларускае Радыё Рацыя.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *