Лідчына далучылася да «Агульнай дыктоўкі» ад “Лідскага піва”

Пятніца, Чэрвень 15, 2018 0

Больш за два дзясяткі прыхільнікаў беларускай мовы з Ліды, Бярозаўкі і Радуні Воранаўскага раёна далучыліся да ініцыятывы «Агульная дыктоўка» ў рамках сацыяльна-культурнага праекта арганізаваны кампаніяй «Лідскае піва» і накіраваны на падтрымку роднай мовы.

Дыктоўку вырашылі пісаць дыстанцыйна на сядзібе Віталя Карабача “Гасьціна” ў в. Пескі. Інтэрнэт у вёсцы слабаваты, таму вырашылі пісаць па трансляцыі 1-га канала Нацыянальнага радыё. Апаратура была падрыхтавана загадзя, настроена на 1-шы канал, але трансляцыі так і не дачакаліся.

Тым не менш, ведаючы нашую рэчаіснасць знутры, быў падрыхтаваны запасны варыянт. І хоць не пад Русю, але дыктоўка адбылася. Калі ў Нацыянальнай бібліятэцы ўдзельнікі дыктоўкі пісалі тэкст паводле Людмілы Урублеўскай, то на Лідчыне было вырашана пісаць дыктоўку паводле нарыса Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Чытала дыктоўку настаўніца беларускай мовы ліцэя № 1 г. Ліды Валянціна Аляксееўна Валюкевіч.

апараткпішуцьк

Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік зазначыў:

— Дыктоўка на Лідчыне была праведзена з мэтай падтрымаць ініцыятыву «Лідскага піва» аб правядзенні агульнай дыктоўкі, якую яны праводзяць другі раз. Разам з тым гэта дало магчымасць яшчэ раз сабрацца актывістам ТБМ пры святочных абставінах, пагаварыць, абмеркаваць некаторыя планы.

Паводле плана мерапрыемства, былі вызначаны пераможцы ў «Агульнай дыктоўцы», якія зрабілі ў тэксце найменш памылак.

Перамагла ІТ-шніца Ганна Янкоўская, другое месца заняў рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік. Тры чалавекі занялі трэцяе месца, астатнім нададзена ганаровае чацвёртае.

ганнак

Пераможцы атрымалі смачныя падарункі ад гаспадара сядзібы «Гасціна», дзе праводзілася дыктоўка. За першае месца быў уручаны дзясятак курыных яек, за другое і трэцяе — па гусінаму яйку.

У канцы адбылося прадстаўленне новай кнігі Леаніда Лаўрэша “Генерал, які дайшоў да Беларусі”, а таксама канцэрт слыннага лідскага барда Сержука Чарняка.

чварнякк

 Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя,

Ліда. Фота аўтара.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *