Любі, браток, родны куток

Пятніца, Чэрвень 15, 2018 0

На літаратурнай ніве нашай краіны працуюць пісьменнікі розных пакаленняў і рознага творчага досведу — ад вядомых майстроў да літаратараў маладзейшага пакалення. І каб ведаць сучасную беларускую кнігу, трэба ведаць яе аўтараў, а гэтаму спрыяюць творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, якія адбываюцца ў бібліятэках.

29 траўня 2018 года да Года малой радзімы ў рамках праекта «Любі, браток, родны куток» дзяржаўная ўстанова культуры «Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы» сумесна з літаратурным аддзелам ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей» — «Дом Валянціна Таўлая» ладзіла творчую сустрэчу з Віктарам Праўдзіным.

Віктар Аляксандравіч — наш зямляк, папулярны беларускі літаратар, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх твораў дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру, які нарадзіўся ў г. Лідзе.

праўдзінкзалакаўтографкаўток

Сярод удзельнікаў сустрэчы былі мясцовыя паэты і краязнаўцы, навучэнцы ДУА «Ліцэй № 1 г. Ліды», супрацоўнікі бібліятэкі, чытачы і шматлікія прыхільнікі творчасці пісьменніка. Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі Марцінкевіч Д.А. пазнаёміла прысутных са старонкамі біяграфіі і творчай дзейнасцю пісьменніка.

Гэта ўжо другая творчая сустрэча знакамітага пісьменніка з лідзянамі. Ёсць сярод  літаратурных поспехаў Лідчыны і публікацыя фантасмагарычнай аповесці Віктара Праўдзіна “Дзверы” ў 8-м нумары альманаха “Ад лідскіх муроў”, якая пакуль што не была апублікавана нідзе больш.

Віктар Аляксандравіч расказаў аб тым, як ён, маёр міліцыі ў адстаўцы, прыйшоў да літаратурнай творчасці, якія выпадкі з яго жыццёвага шляху натхнілі яго на напісанне твораў. Напрыканцы мерапрыемства ўсе ахвочыя змаглі атрымаць ў падарунак кнігу з асабістым подпісам аўтара.

У Лідзе мала чаго засталося, што нагадвала б пісьменніку пра месца нараджэння, хіба што Свята-Георгіеўская царква, дзе яго хрысцілі. Хоць перабудаваная, але стаіць на тым самым месцы. Тым большую пашану ў лідзян мае гэты знакаміты чалавек, які дзеля паўтарагадзіннай сустрэчы з такімі даўнімі землякамі едзе за 300 кіламетраў аж з Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. А адным з вынікаў сустрэчы можна лічыць абяцанне даць свой твор у чарговы 9-ты альманах “Ад лідскіх муроў”, які пачынае фармавацца.

Яраслаў Грынкевіч.

Фота Дар’і Марцінкевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *