Звiнiць каса — жыве вёска

Панядзелак, Чэрвень 25, 2018 0

Ужо ў трэці раз Ганчары сабралі людзей, якія ўмеюць трымаць у руках касу. Тую, самую сапраўдную, з дзядулявай вёскі, кіно і старых кніг пра сельскае жыццё. Нехта пацісне плячамі — а навошта, маўляў, гэта трэба, калі ёсць трымеры і газонакасілкі? Што варажыць? Пойдзем і спытаем у касцоў! Толькі крыху пазней. Пакуль пра тое, як усё праходзіла.

Дабірацца да поля, выдзеленага мясцовым сельскім саветам для правядзення конкурсу, было лёгка і проста — яно зусім побач з дарогай, а для поўнай выгоды шлях быў пазначаны самаробнымі паказальнікамі. Людзей — удзельнікаў, заўзятараў і гасцей сустракалі ветліва — песнямі, скокамі і накрытым з дапамогай Лідскага хлебазавода, які падаў прадукцыю на дэгустацыю, сталом. Як высвятлілася, аматараў, фанатаў і прыхільнікаў ручной касы не так ужо мала. Паспаборнічаць прыехалі 16 чалавек з розных куткоў Лідскага краю. І — пра цуд! Сярод касцоў — дзве дзяўчыны! Няўжо ім таксама не слаба?..

Кожнаму ўдзельніку быў выдзелены свой участак, які дастаўся па лёсіку, усе сталі ля сваіх нумароў, і час пайшоў. Ішоў ён хутка пад звон кос і песні мясцовых артыстаў. А працавалі ўдзельнікі лёгка і нязмушана, быццам і не працавалі зусім, а танчылі. Няўжо ўсё так проста?

вострыцьккосіцькдзяўчынакузнагародак

— У задавальненне, — засмяяўся Станіслаў Ждонец з Верх-Ліды, які прадстаўляў Гуды, праціраючы скошанай травой лязо касы. Ён   скончыў працу. — Як усе вясковыя хло-пцы, касіць навучыўся рана і даўно, таму што трэба было. А зараз, быццам і не трэба (ёсць тэхніка), а раблю гэта з задавальненнем.

Станіслаў — сталы ўдзельнік ганчарскіх конкурсаў касцоў і заўсёды ў прызёрах. Паглядзім, як размяркуюцца вынікі гэтым разам. А пакуль, паспрабую і я… Потым пра мяне скажуць — і прэса касіла! Не, гэта вядома, гучна сказана, але праз пару спроб пасля экспрэснавучання, якое правёў Станіслаў, каса пайшла як з маслам. Вось што значыць добры настаўнік!

Дарэчы, вельмі нядрэнна касіла каса ў прадстаўніцы далікатнага полу Вольгі Навік з Ганчароў. Дакладней, сама дзяўчына жыве ў Дроздаве, загадвае мясцовай фермай. Няўжо, кармы нарыхтоўваць уручную даводзіцца?

— Ды не! — усміхаецца Вольга. — Проста цікава. Глядзела, як у мужчын спрытна атрымліваецца, аднойчы сцяг-нула татаву касу і пачала спрабаваць. Усяк было спачатку — і ў зямлю лязом і па верхавінах. Тата спачатку лаяўся, а потым пачаў распавядаць і вучыць. Вось і атрымалася.

Вольга бярэ ўдзел у конкурсе касцоў упершыню. Хвалявалася. Не дзіва. Спа-борнічаць у мужчынскай справе з мужчынамі — гэта вам не жартачкі! Святлана Радомская з Мінойтаў таксама можа абыйсціся  без трымера і дапамогі мужчын. Нават касу накляпаць умее!

Як быццам гуляючы, скончыў сваю паласу яшчэ адзін прадстаўнік Ганчароў Іван Матусевіч, дужы, гужаваты і самы старэйшы ўдзельнік. Яму ўжо за 80, а фізічнай форме можа і малады пазайздросціць.

— Гэта ж фізкультура, — пацвярджае мужчына і жартуе. — Тое ж самае, што трэнажор. Тут табе і спіна роўная, і рукі дужыя.

А калі без жартаў, Іван Матусевіч упэўнены, што толькі ручная каса і спрыт рук чалавека не наносяць страты прыродзе, не псуюць каранё-вую сістэму травы, і ўкос вырастае густы, сакавіты, увогуле — што трэба для жывёлы.

Наогул, конкурс касцоў становіцца яе толькі раённым, а сямейным. У ім ужо з’явілася свая дынастыя: бацька і сын Пятрашкі — Валянцін і Ва-лянцін (Ваверка). Яны — каманда! Калі старэйшы скончыў свой участак, адпачываць не стаў, а адправіўся дапамагчы сыну справіцца з працай.

Такім чынам, прыйшоў час падвядзення вынікаў. Не ведаю, як там прыйшлося журы. Мяркуючы па ўсім, нялёгка. Бо ацэньваць трэба было і па хуткасці, і па якасці, і па нейкай «барадзе». У выніку трэцяе месца падзялілі Іван Матусевіч (Ганчары) і Іван Кароль (Ваверка), другое дасталася Генадзю Станіславовічу (Пескаўцы), а першае бясспрэчна выйграў Станіслаў Ждонец (Гуды). Але, як той казаў, месцы месцамі, але тых, прайграў тут не было, кожны ўдзельнік атрымаў зарад бадзёрасці і мора пазітыву. Усім уручылі заахвочвальныя пры-зы, пра якія паклапацілася ААТ «Шклозавод «Нёман», а пераможцам дасталася яшчэ і слава.

Таццяна Кудрашова.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *