Чым не дагадзіла беларуская мова “Лідскай газеце”?

Аўторак, Ліпень 17, 2018 0

Балючым моманта для грамадзянскай супольнасці Лідскага раёна з’яўляецца ігнараванне (часта поўнае) на старонках і ў эфіры лідскіх СМІ дзяржаўнай беларускай мовы. Практычна цалкам адсутнічае мова на Лідскім радыё, мінімальна прысутнічае беларуская мова на Лідскім тэлебачанні, не шмат беларускамоўных матэрыялаў і ў недзяржаўнай газеце “Принеманские вести”.

Але далей за ўсіх пайшла дзяржаўная “Лідская газета”. Мала таго, што раз за разам выходзяць нумары, дзе па-беларуску толькі назва газеты, дык на яе старонках пачалі рэгулярна з’яўляцца матэрыялы сумніўнай у нацыянальным плане скіраванасці. Апошні з такіх артыкулаў з элементамі абразы беларускай мовы і яе носьбітаў, які з’явіўся 27 чэрвеня за аўтарствам Антона Быстрыцкага, стаў падставай для звароту ў мясцовы РАУС, пракуратуру і Міністэрства інфармацыі аб недапушчальнасці такіх дзеянняў з боку рэдакцыі.

36650724_2116959078571893_6958134455911317504_n

У артыкуле ўчынены “разгром” былому, а сёння ганароваму, старшыні ТБМ Алегу Трусаву за яго намаганні адкрыць універсітэт імя Ніла Гілевіча.

Алег Трусаў напісаў адкрыты ліст у “Лідскую газету з нагоды гэтай публікацыі, але паколькі эксцэс набыў шырокі розгалас, а перспектывы ўбачыць ліст надрукаваным у самой “Лідскай газеце” няясныя, то “Наша слова” публікуе яго.

Дарэчы, у апошніх нумарах “Лідскай газеты” беларускамоўныя артыкулы такі з’явіліся. Хоць пра Купалле напісалі па-беларуску, бо і гэтага магло не быць.

Станіслаў Суднік.

Дзякуем за «рэкламу»

27 чэрвеня 2018 г. у «Лідскай газеце» № 51 выйшла зацемка Антона Быстрыцкага «Интерес в этом деле скорее личный». У сваёй зацемцы спадар Антон нібы ўхваляе тое, што сёлета з 67 тысяч абітурыентаў для здачы тэстаў дзяржаўную беларускую мову абрала толькі 25 тысяч чалавек. У той жа час аўтар упускае, што гэта амаль 40% ад усіх абітурыентаў гэтага года, і такі адсотак ніяк нельга назваць замалым, што цешыць мяне, але чамусьці не спадара Антона. Адразу выкажу падзяку гэтым маладым людзям і іх бацькам за тое, што ва ўмовах шалёнай русіфікацыі, якая ў нашай краіне чарговы раз пачалася ў 1995 г. і доўжыцца да сённяшняга дня, яны абіраюць родную мову і гэтым пацвярджаюць, што яна жыве і жыць будзе.

Газета (дарэчы, мае беларускамоўную назву «Лідская газета», але па-беларуску амаль нічога не друкуе), у якой дадзены артыкул выйшаў, з’яўляецца адным з актыўных «русіфікатараў» на Лідчыне і выходзіць 2 разы на тыдзень накладам 10 тысяч асобнікаў, прычым з’яўляецца дзяржаўнай установай і існуе за грошы беларускіх падаткаплатнікаў, у тым ліку, дзеці якіх і абіраюць беларускую мову для здачы тэстаў.

На жаль, спадар Быстрыцкі ўпусціў дадзеную інфармацыю ў сваім артыкуле, у той жа час, за што выказваю падзяку, падрабязна апісаў, прычым амаль не сказіўшы факты, пачатак працы па стварэнні Прыватнай установы адукацыі «Універсітэт імя Ніла Гілевіча», які ТБМ заснавала 15 сакавіка 2018 г. і дзе будзе весціся навучанне на дзяржаўнай беларускай мове. Праўда, аўтар, узяўшы на сябе ролю эксперта (у такім выпадку хочацца даведацца пра яго кампетэнцыі і досвед працы ў сферы вышэйшай адукацыі), не саромеўся рэзкіх выказванняў і негатыўных інтэрпрэтацый адносна ўніверсітэта, што становіцца нормай для прафесіі журналіста, нібы асновы журналістыкі і прафесійнай этыкі забытыя, а меркаванні як мінімум двух-трох экспертаў з розным пунктам погляду ўжо не патрэбныя для напісання якаснага артыкула.

Калі б аўтар выдаткаваў час на напісанне шматбаковага матэрыялу, то даведаўся б, што колькасць беларускамоўнай адукацыі змяншаецца не ад уласна незапатрабаванасці, а таму, што ўлады мэтанакіравана год за годам зачыняюць тое, што было беларускамоўным, а новага не ствараюць. Таксама спадар Быстрыцкі мог бы пацікавіцца колькасцю краін Еўропы, у якіх няма ўніверсітэтаў з навучаннем на роднай мове жыхароў гэтых краін (іх толькі чатыры, сярод іх, на жаль, і Беларусь). У той жа час у гэтых краінах вядзецца актыўная праца па адраджэнні роднай мовы і яе шырокай дзяржаўнай падтрымцы (напрыклад, у Ірландыі). А што ў нас?

У свой час ТБМ сабрала больш за 50 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі з патрабаваннем стварыць Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання (хаця б адзін на ўсю краіну!). Дарэчы, сярод падпісантаў было некалькі тысяч жыхароў Ліды. Прайшло 20 гадоў, але ніводнага дзяржаўнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання няма, хоць ажно 27 універсітэтаў Беларусі могуць ажыццяўляць навучальны працэс па-беларуску, але пастановы на гэта ад Міністэрства адукацыі яны не маюць. Таму патрэба ў стварэнні менавіта прыватнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання выразна наспела, што вымагае вучыць студэнтаў за іх грошы і грошы іх бацькоў, калі іншых варыятнаў дзяржава не прапануе.

З верасня 2018 г. «Універсітэт імя Ніла Гілевіча» плануе адкрыць падрыхтоўчыя курсы, дзе можна будзе рыхтавацца да паступлення ў ВНУ і паспяховай здачы ЦТ па фізіцы, матэматыцы, гісторыі і іншых прадметах па-беларуску. Асаблівая ўвага будзе нададзена вывучэнню беларускай мовы. Англійская, нямецкая і, магчыма, французская таксама будуць выкладацца беларускамоўнымі выкладчыкамі.

Ганаровы старшыня ТБМ,

в.а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча                              Алег Трусаў.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *