Каляндар народнай лялькі ў дапамогу

Аўторак, Ліпень 17, 2018 0

Ноу-хау ў адным з дзіцячых садкоў Ліды

У дзіцячым садку №24 прыдумалі незвычайны і дзейсны спосаб вывучэння народных абрадаў і традыцый.

Гэтая дашкольная ўстанова асаблівая — адна з дзвюх у Лідзе, якія маюць этнічную накіраванасць і з’яўляюцца цалкам беларускамоўнымі.  Дзеці ў садку №24 паглыблена вывучаюць родную мову, звычаі і абрады сваіх продкаў. Адзначаюць народныя святы і ведаюць беларускія гульні. Больш таго — яны нават займаюцца ручным ткацтвам! У садку працуе музей, які ўвесь час папаўняецца цікавымі экспанатамі. У кожнай групе ёсць этнакуток.

дзецік

Супрацоўнікі на дасягнутым не спыняюцца. Прыдумваюць усё новыя формы, каб яшчэ больш улюбіць дзяцей у беларускую культуру. Апошнім такім ноу-хау стаў каляндар народнай лялькі.

Яго аўтар — выхавацель Вольга Варошка — народнай лялькай займаецца ўжо больш за 10 год. Вырабляе сама, праводзіць майстар-класы для дарослых і вучыць гэтаму рамяству сваіх выхаванцаў. Менавіта плённая праца з апошнімі і натхніла яе на стварэнне незвычайнага календара.

— У нашых продкаў існавала мноства лялек. Амаль кожная адпавядала нейкай нагодзе — вяселлю і нараджэнню, збору ўраджаю і жніву, Калядам і Вялікадню і г.д., — расказвае Вольга Варошка. — Я заўважыла, што многія з іх адпавядаюць пэўнаму сезону года. Так прыйшла ідэя календара лялькі. Ён створаны па прынцыпе ўсім вядомага календара прыроды: разбіты на чатыры пары года і дванаццаць месяцаў. Для кожнага з іх — свая лялька. Так, лютаму адпавядае масленка дамашняя, траўню — сонечны конь, ліпеню — пакосніца, верасню — зернявушка…

лялькіклялькі2к

Дзеці спачатку знаёмяцца з назвай і значэннем лялькі. Праз яе — са святамі і абрадамі, звязанымі з адпаведным месяцам. Адначасова выхаванцы замацоўваюць веды аб порах года, назвах месяцаў, прыкметах кожнага сезона.

Такі незвычайны каляндар — аснова і для разнастайных гульняў, як развіваючых, так і звычайных вольных.

Адметна, што ўсе лялькі выраблены старажытным народным спосабам «матанка». Выкарыстоўваліся толькі натуральныя матэрыялы: лён, бавоўна, травы, ніткі, стужкі…

За сваю распрацоўку дзіцячы садок №24 стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод дашкольных устаноў у намінацыі «Лепшая аўтарская гульня, цацка». Хутка каляндар народнай лялькі Вольга Варошка будзе прадстаўляць на рэспубліканскім узроўні.

Таццяна Дудзіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *