Народны ансамбль народнай музыкі «Гудскі гармонік» адзначыў сваё 30-годдзе!

Серада, Ліпень 4, 2018 0

Юбілейная дата адкрыта,

Гады птушкай ляцяць,

                               не дагнаць,

Але ж нам усяго толькі 30,

Дык не будзем,

                     сябры, сумаваць!

 

21 чэрвеня ў Палацы культуры горада Ліды сабраліся сапраўдныя аматары народнай музыкі і песні, прыхільнікі творчасці вядомага ў Гарадзенскай вобласці і за яе межамі народнага ансамбля народнай музыкі «Гудскі гармонік», які адзначыў свой 30-гадовы творчы юбілей.

Пачыналася ўсё 32 гады таму назад, калі ў Гудскі сельскі клуб на пасаду загадчыка прыйшоў працаваць малады таленавіты хлопец — Андрэй Колышка. На адным з мерапрыемстваў, у час выступлення мясцовага хору, удзельнік мастацкай самадзейнасці зайграў на гармоніку полечку, ды так! што гледачы ледзьве ў скокі не пусціліся… Вось тады ў Андрэя Колышкі з’явілася і запала ў душу ідэя стварэння калектыву народнай музыкі. У складзе ансамбля тады былі тры гармонікі і барабан. Пазней дадаліся кантрабас і дудка, затым скрыпка і цымбалы. На працягу 30-ці гадоў у калектыў прыходзілі творчыя людзі, і кожны аддаваў ансамблю сваё натхненне і талент. Сёння ў складзе калектыву — Андрэй Колышка (кіраўнік, гармонік), Іван Кароль (гармонік), Аляксандр Пучыла (кантрабас), Марыя Дукі (цымбалы), Ганна Ліпская (скрыпка), Алена Кавальчук (дуда), Алена Мілеўская (барабан). Выдатным вакалам радуюць слухачоў салісты ансамбля — Лілея Хвайніцкая, Наталля Вайцюкевіч, Вольга Троцкая, Алеся Ярунічава, Кацярына Каспорская і Дзмітрый Пухнарэвіч.

тамаракінстрк

????????????????????????????????????

????????????????????????????????????

залак

Сучасны калектыў, як і раней, мае сваё індывідуальнае аблічча, непаўторную манеру выканання і рэпертуар, які ў асноўным складаюць беларускія, польскія, рускія народныя песні і мелодыі, а таксама апрацаваныя творы, запісаныя ад старэйшых жыхароў Лідскага раёна ў час фольклорных экпедыцый.

Адметна, што частку рэпертуару «Гудскага гармоніка» складаюць аўтарскія творы Андрэя Колышкі на словы экссалісткі Ганны Баборык і творы, напісаныя ўдзельнікам ансамбля — Аляксандрам Пучылам на ўласныя вершы і вершы лідскага паэта Станіслава Судніка.

Народны ансамбль народнай музыкі «Гудскі гармонік» на высокім прафесійным узроўні прадстаўляе беларускае музычнае і песеннае мастацтва як у нашай краіне, так і за яе межамі. За гады існавання калектыў даў больш за шэсцьсот канцэртаў. «Гудскі гармонік» — удзельнік і неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх, абласных і раённых святаў, фестываляў і конкурсаў. З 2007 года звесткі пра ансамбль «Гудскі гармонік» уключаны ў Энцыклапедыю беларускага фальклору, а ў 2017 годзе — у энцыклапедычны даведнік «Беларускія народныя музычныя інструменты».

На святочным юбілейным канцэрце гучалі віншаванні і падзякі ў адрас кіраўніка і ўдзельнікаў «Гудскага гармоніка». Усе яны розныя па характары, па ўзросце, розныя па прафесіі, але аб’ядноўвае іх самае галоўнае — любоў да песні і зямлі беларускай.

За гады свайго існавання «Гудскі гармонік» набыў шмат сяброў. Каб павітаць і павіншаваць гэты выдатны калектыў, на свята прыйшлі народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў «Мы з вёскі-калыскі» Бердаўскага цэнтра культуры і вольнага часу, народны вакальны ансамбль «Святліца» Дзітвянскага Дома культуры, народны ансамбль песні і танца «Лідчанка» Палаца культуры г. Ліды. Святочныя пажаданні прагучалі ад прадстаўнікоў школ мастацтваў і іншых устаноў культуры аддзела культуры Лідскага рай-выканкама.

З нагоды 30-годдзя творчай дзейнасці народны ансамбль народнай музыкі «Гудскі гармонік» узнагароджаны Граматай упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама. Падзячным пісьмом старшыні Лідскага раённага Савета дыпутатаў узнагароджваны ўдзельнік народнага ансамбля народнай музыкі «Гудскі гармонік» — Аляксандр Пучыла, Ганаровай граматай Лідскага райвыканкама — Андрэй Колышка (кіраўнік калектыву), Падзячным пісьмом старшыні Лідскага райвыканкама — Ганна Ліпская, Граматай аддзела культуры Лідскага райвыканкама — Алена Кавальчук, Дзмітрый Пухнарэвіч. За плённую творчую дзейнасць, высокае прафесійнае майстэрства, прапаганду народных традыцый музычнага мастацтва Падзячным лістом ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» узнагароджаны ўсе ўдзельнікі ансамбля.

За ўвесь двухгадзінны канцэрт прагучалі адна польская і адна руская песні. Увесь астатні рэпертуар, усе віншаванні і вітанні былі на беларускай мове.

Віншуем народны ансамбль «Гудскі гармонік» са святам! Дзякуем яго ўдзельнікам за высокае прафесійнае майстэрства і бязмежны энтузіязм. Калектыву жадаем поспехаў і новых творчых дасягненняў. Няхай і далей на радасць усім квітнее народны ансамбль народнай музыкі «Гудскі гармонік»!

rmcnt-lida.jimdo.com.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *