Навіны Германіі. “Трэба ўсведамляць гістарычную адказнасць”

Аўторак, Ліпень 17, 2018 0

Пра што гісторыкі дыскутавалі з прэзідэнтам Германіі

29 чэрвеня ў Менскім міжнародным цэнтры імя Ёханеса Раў (ІББ) прайшла канферэнцыя «Памятаць дзеля агульнай еўрапейскай будучыні». Адкрыць яе павінен быў федэральны прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтар Штайнмайер, але не паспеў: затрымаўся на перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пачаць подыюмную дыскусію з удзелам Штайнмайера планавалася ў 14.45. Прыбыў нямецкі прэзідэнт толькі ў 18.50. Перш за ўсё ён растлумачыў прычыну свайго спазнення і перапрасіў ўдзельнікамі канферэнцыі

— Я рады, што вы ўсё яшчэ радыя [мяне бачыць]. Таму што ведаю, што мы на «пару хвілін» спазніліся, — заўсміхаўся федэральны прэзідэнт.

залак

 

Абмеркаваць перспектывы развіцця еўрапейскай культуры памяці сабраліся гісторыкі Аляксандр Даўгоўскі (Беларусь), Вікторыя Навуменка (Украіна), Зміцер Аляксееў (Расія), Ханна Драснін (Германія) і, уласна, федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер.

Мадэравалі дыскусію выканаўчы дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Астрыд Нам і кіраўнік аддзела па культуры памяці і адукацыі Народнага звяза Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі Хайке Дэрэнбехер.

Адказваючы на пытанне мадэратара, ці можна лічыць удзел прэзідэнтаў у адкрыцці мемарыяла знакам таго, што ў Аўстрыі, Германіі і Беларусі памятаюць пра ахвяр аднолькава, Аляксандр Даўгоўскі заўважыў, што ўбачыў у гэтым магчымасць фармавання транснацыянальнай культуры памяці.

— Назіраючы за цыры-моніяй, я думаў, чаму гэта не было магчыма раней. Задача для маладых гісторыкаў — па-спрабаваць дыягнаставаць пра-блемы, якія былі раней: чаму працавалі нейкія механізмы забыцця — і прыкласці высілкі, каб далей гэта не паўтарылася.

Вікторыя Навуменка распавяла, што апошнія падзеі ва Украіне актуалізавалі ў краіне палітыку памяці, у першую чаргу — пра Другую сусветную вайну.

— Адкрыццё мемарыяльнага комплексу ў Беларусі — добры прыклад для Украіны. Пра ахвяр у Бабіным Яры ведае ўвесь свет, аднак дагэтуль там няма цэласнага мемарыяльнага комплексу.

Зміцер Аляксееў распавёў, што ў Расіі ўсё яшчэ працуе «звыклы гераічны дыскурс» — памяць пра перамогу і вызваленні. І яго ў тым ліку варта ўключаць у агульную транснацыянальную культуру памяці, каб яна была больш зразумелая расійскаму боку і лепш успрымалася.

Ханна Драснін адзначыла, што сённяшняе памятнае мерапрыемства — важны крок для еўрапейскай культуры памяці, які аб’яднаў розных людзей з рознымі бэкграўндамі. Але для гэтага трэба яшчэ больш імпульсаў, і яны павінны зыходзіць не толькі з Беларусі і Германіі.

 

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер прапанаваў самакрытычна паглядзець на тое, «дзе мы знаходзімся». Ён падкрэсліў, што еўрапейская культура памяці — гэта не застылы стан, а шлях, па якім ідзе грамадства.

— Часта, калі адзін пункт гледжання становіцца дзяржаўнай палітыкай, бракуе гатоўнасці абменьвацца досведам пра гісторыю. Чаму кажу гэта? Таму што бачу рэтраградныя працэсы цяпер, заднім лікам. Я рады, што сёння з раніцы, падчас адкрыцця мемарыялу ў Трасцянцы, усё прайшло ў такіх рамках. У мяне была магчымасць пагаварыць са сваякамі загінулых, і, мяркуючы па ўражаннях ад зносін, гэта былі годныя рамкі для такога мерапрыемства.

 

Далей Штайнмайер распавёў, што ў гутарцы з ім Лукашэнка пагадзіўся падумаць, як сённяшнюю падзею выкарыстоўваць для таго, каб у Беларусі і Германіі была агульная культура памяці.

— Магчыма, пачаць з таго, каб правесці канферэнцыю з маладымі гісторыкамі, прааналізаваць нашу гісторыю. Верагодна, позняй восенню гэта атрымаецца. <…> Мы разам можам накіраваць наш погляд у мінулае і зрабіць яго больш прафесійным. Я думаю, сёння мы прасунуліся ў гэтым.

 

Яшчэ федэральны прэзідэнт адзначыў адкрытасць афіцыйнага Менска, якую «пяць, тры, нават два гады назад немагчыма было ўявіць у адносінах да Беларусі».

— У той жа час існуе і іншы досвед. Я не ўпэўнены ў тым, дзе мы цяпер знаходзімся: на шляху ад ці да агульнай еўрапейскай памяці.

 

Таксама ўдзельнікі дыскусіі абмеркавалі пытанне, як перадаваць памяць пра вайну маладому пакаленню, рабіць яе жывой, калі яе сведкі беззваротна сыходзяць.

Аляксандр Даўгоўскі прапанаваў збіраць успаміны і размяшчаць іх у адкрытым доступе, ствараць педагагічныя методыкі і «спадзявацца, што матэрыялы дапамогуць нам пераадолець «канец эпохі сведак».

Зміцер Аляксееў заўважыў, што інфармацыю пра Другую сусветную вайну ця-пер шукаюць сапраўды гэтак жа, як і гісторыю Старажытнага Рыма, да прыкладу.

— Гэта значыць, калі няма сведак падзеі, гэта становіцца чымсьці, што было даўно, у мінулым.

Але выйсце ёсць. І яно агульнае для ўсіх культур, абнадзеіў гісторык з Расіі. Па яго меркаванні, важна папулярызаваць вывучэнне гісторыі сваіх сем’яў.

— Калі кожны з нас у любой краіне — Германіі, Украіне, Беларусі, Расіі — успомніць пра ахвяр, праблемы, якія былі ў іх сваякоў, мы будзем гаварыць на адной мове. Калі мы перажываем боль уласнай сям’і, нам прасцей перажываць і разумець боль іншага чалавека.

Мадэратар дыскусіі Астрыд Нам не пагадзілася: у адносінах да Германіі гэтае сцвярджэнне не зусім справядлівае.

— Ахвяр у кожнай сям’і было не шмат. Але практычна ў кожнай сям’і былі злачынцы.

На што Аляксеяў заўважыў, што гэта не меншы боль для нашчадкаў.

Па меркаванні Астрыд Нам, каб памятаць, важна гаварыць пра асабістыя гісторыі.

— У малым маштабе лягчэй перадаць, што азначалі жахі ў вялікіх маштабах.

Гісторык з Германіі Ханна Драснін пацікавілася ў прэзідэнта, ці могуць новыя медыя, мабільныя дадаткі да-памагчы дастукацца да людзей і ці магчымая з боку палітыкаў падтрымка падобных праектаў.

Штайнмайер адказаў, што гутаркі са сведкамі вайны нельга замяніць нічым.

— Таму нам трэба ўсведамляць гістарычную адказнасць, як мы будзем несці гэтыя веды далей, у наступныя пакаленні. Я цешуся, калі езджу і аглядаю розныя мемарыялы, музеі, цэнтры памяці. Яны гэтую сітуацыю апярэдзілі. Гэта значыць пытанне пра тое, што рабіць, калі сведкі вайны сыдуць, яны задаюць не цяпер, а зрабілі гэта ўжо некалькі гадоў назад. Яны думаюць над тым, як эмацыйна дастукацца да маладога пакалення, у якога не было магчымасці пагаварыць са сведкамі таго часу.

Кажучы пра дадаткі, якія дазваляюць віртуальна апынуцца на ваенных магілах, у мемарыяльных комплексах, Штайнмайер сказаў, што лічыць іх дзейснымі. Таксама ён заўважыў, што вялікае значэнне маюць і адукацыйныя праграмы для моладзі, якая на месцы можа знаёміцца з гісторыяй.

— У чалавека могуць застацца намацнейшыя ўражанні, якія, магчыма, акажуць уплыў на яго жыццё. Я б жадаў, каб такія рэчы прапанаваліся і развіваліся далей. Мы бачым, што ў моладзі ёсць жаданне паехаць за мяжу пасля школы. Калі развіваць гэтую тэму, магчыма, будзе абуджана цікавасць і да такіх тэм.

На гэта Астрыд Нам, выканаўчы дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра, заўважыла, што ІББ гатовы развіваць адукацыйныя паездкі моладзі ў Трасцянец.

— На мінулым тыдні па выпадку адкрыцця мемарыялу ў Благаўшчыне прыехалі тры групы. Можаце быць упэ-ўнены, што мы з задавальненнем скарыстаемся магчымасцю, якая з’явілася.

Любоў Каспяровіч.

Фота: Вольга Шукайла. TUT.BY.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *