Навіны Германіі Як нямецкі пенсіянер ехаў праз Беларусь на ЧС-2018

Серада, Ліпень 4, 2018 0

Хуберту 70 гадоў, трактар у яго яшчэ даваенны, сваімі рукамі адноўлены, а паездка — далёка не першая.

 

Пыльны асфальт пад Рагачовам. Стомленае чэрвеньскае сонца завяршае доўгі паход па небасхіле. Ззаду 700 кіламетраў бясплодных пошукаў. Але мы ўсё-такі яго знайшлі. Як іголку — не, як іголкавае вушка ў стозе сена.

Хуберт Вірт, 70-гадовы нямецкі пенсіянер, які ўсё яшчэ падзарабляе на радзіме кіроўцам грузавіка, едзе на футбольны чэмпіянат свету ў Маскву заўзець за родную Германію. На даваенным трактары, які старанна цягне пераабсталяваную ў хату на колах драўляную бочку для саўны.

трактарк

Датэлефанаваліся да Хуберта на шостай гадзіне пошукаў, падчас якіх праехалі нават знакамітыя Мышкавічы (цэнтр калгаса, цяпер СПК, «Світанак» імя Арлоўскага, дзе Васіль Старавойтаў старшынём быў). Радасці ў голасе ніякай:

— Я ўжо даў тры інтэрв’ю, цяпер на нервах, таму што выбіўся з графіка, і трэба ехаць далей. Давайце заўтра ў 9 раніцы. Да спаткання.

— А адкуль і куды вы едзеце?

— З Бабруйска ў бок Палесся.

Угу, вельмі дакладна. І раптам у гутарцы праскоквае: «Дарога нумар 43″. Ух, ужо сёе-тое. Вырашаем не адкла-даць на заўтра тое, што можна паспрабаваць зрабіць сёння. З сябрамі-калегамі з мясцовай тэлекампаніі гонім на Рагачоў, каб потым рухацца немцу насустрач.

Манеўр атрымаўся: жаданы трактар тупае насустрач. Разварочваемся і прыладжваемся ззаду. Хуткасць — роўна 20 км/г. Абганяем, махаем рукамі, Хуберт махае ў адказ, але не тармозіць. Ліхаманкава думаем, што рабіць далей. Нясёмся наперад, спыняемся, калегі выстаўляюць камеры, каб адздымаць хоць бы праезд цуду па дарозе. Удалечыні, прыкладна за метраў 800 ад нас, на спуску з’яўляецца ўжо знаёмая кропка (а лескатанне чуецца яшчэ раней). І раптам кропка спыняецца. Вось ён, шанец! Шанцішча! Імгненнем у машыну і да трактара.

— Я вам тэлефанаваў пару гадзін назад. Мы шукалі вас восем гадзін і таксама стомленыя, — нясмела звяртаюся да немца. Той, учуўшы Muttersprache (родную гаворку), адразу ідзе на кантакт. Мабыць, праехаўшы энную колькасць кіламетраў без адцягнення на гутаркі з незнаёмцамі, зняў стрэс і трошкі астыў.

 

Аказалася, што Хуберт едзе на футбол не ў ганарлівай адзіноце. У дарогу ён узяў таксу Ведзьму — так перакладаецца на рускі яе мянушка Хексе (Hexe). Відаць, што вандроўніца дасведчаная, на нас — нуль увагі. З Ведзьмай яе гаспадар ездзіў — на трактары, зразумела — два гады назад у Францыю на футбольны чэмпіянат Еўропы. Накатаў 2500 км і стаў героем рэгіяна-льнай нямецкай прэсы.

Наогул ён збіраўся за тры месяцы дабрацца да Гібралтара і вярнуцца дахаты, аднак перашкодзіла гідкае надвор’е. Ваяж працягваўся ўсяго сем тыдняў. Пасля гэтага Вірт намерыўся пабудаваць зачыненую кабіну, але рукі па-куль не дайшлі. А так ён ездзіць на трактары за кардон раз у год. Самым далёкім было вандраванне ў іспанскі горад Сант’яга-дэ-Кампастэлу. Цёпла ўспамінае немец паездкі ў Італію і на Корсіку. Бела-чырвона-бела-зялёны сцяг Сіены ён нават вывесіў у сваім мабільным жытле.

Самы адданы заўзятар зборнай Германіі ўсё жыццё пражыў у федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Нарадзіўся ў невялікім горадзе Ротэнбург-ам-Некар (насельніцтва каля 43 тысяч), у 2003-м пераехаў у вёску Шальброн недалёка ад 120-тысячнага Пфорцхайма.

Дарэчы, беларускія калегі з іншых сайтаў, якія бралі ў Хуберта інтэрв’ю, хібна «пасялілі» яго ў падобным па гучанні баварскім Форххайме, хоць досыць было паглядзець на нумарныя знакі яго трактара і хаты на колах з літарамі PF. Знакі гэтыя наогул маюць у немца пэўную сэнсавую нагрузку: на жалезным кані — PF HW 48 (Пфорцхайм, Hubert Wirth, 1948 года нараджэння), на прычэпе — PF HW 2007 (год пачатку паездак на трактары).

 

«Жалезны конь» Lanz Bulldog быў выпушчаны ў 1936 годзе.

— Пасля пакупкі я рамантаваў яго два гады, гэта каштавала дорага. Затое тут няма ніякай электронікі, — ганарліва кажа Хуберт, які «заўсёды быў звязаны з тэхнікай».

Агрэгат запускае ўручную — здымным рулём кіравання. На 100 км трактар з’ядае 18 літраў дызпаліва.

— Шмат, але тут яно таннае ў параўнанні з Германіяй, — раблю рэмарку. Немец толькі хітра ўсміхаецца.

Выбар бочкі для саўны просты: «Люблю дрэва». Прычым настолькі, што мінулай восенню ў Шальброне закаціў скандал, які дайшоў да СМІ, калі насуперак дамоўленасцям насупраць яго хаты ссеклі любімую 14-мятровую елку і ў якасці каляднай павезлі ў Пфорцхайм. Нічога не нагадвае?

Вірт стартаваў на ЧС у Расію 15 траўня, пакінуўшы дома сям’ю.

— Сямейнікі ставяцца з разуменнем. Трэба — значыць, трэба.

Штодня ён пераадольваў 100-120 км, разлічваючы паспець да стартавага матчу зборнай Германіі супраць мексіканцаў 17 чэрвеня. Ехаў галоўным чынам па рэгіянальных дарогах: з такой хуткасцю трактару на аўтабаны ў двукоссях і без гэтых ніяк нельга. Тым не менш белталаўскі прыбор для праезду па платных беларускіх дарогах ён набыў.

Найбольшы стрэс да-ставіла беларуская мяжа з Польшчай.

— Не хацелі пускаць. Чаму? Дакументы, дакументы… Ветэрынар прыходзіў, сабаку аглядаў.

Не ў захапленні Хуберт і ад таго, што на АЗС трэба глушыць рухавік — потым даводзіцца разаграваць запальным шарам. Але, калі сумленна, пакінь гэтыя 20 шумных конскіх сіл у працы — і запраўкі пойдуць расколінамі.

У Расію немец едзе ўпершыню, да паездкі рыхта-ваўся цэлы год.

— Я заўсёды марыў наведаць гэтую краіну і ўдзячны за тое, што гэта адбудзецца.

З Масквы фанат няме-цкай зборнай плануе пераехаць у Санкт-Пецярбург, каб 14 лі-пеня наведаць матч за трэцяе месца. Адтуль на пароме разам з трактарам ён адправіцца ў Хельсінкі, а потым на поўнач Германіі, у Кіль. Так што, калі любімая каманда, як і чатыры гады назад, выйдзе ў фінал ЧС, Хуберт Вірт, хутчэй за ўсё, яе бітву за «золата» ўвачавідкі не ўбачыць.

Пагаварыўшы паўга-дзіны, развітваемся да раніцы. Мне інфармацыі быццам бы досыць, а калегам трэба дазняць матэрыял пры святле дня. Хуберт, як і казаў, чакае на 9 гадзін. У 2 гадзіны ночы мы ў Менску, а ўжо напачатку шостага хлопцы стартуюць назад пад Рагачоў. Роўна ў 9 яны на стаянцы, дзе прыпаркаваўся трактар. Свежы і вясёлы немец прама ачмурэў ад дакладнасці. Пачалі збірацца мясцовыя — паглядзець наўдзіў дзівоснае. Хтосьці прынёс пару банак знакамітай рагачоўскай згушчонкі.

Па тэлефоне дапамагаю калегам кантактаваць з Хубертам, і тут адзін з іх кажа: «Ён штосьці хоча ад цябе, перадаю трубку».

— Паслухай, — кажа паспелы стаць сябрам, таварышам і братам немец, — у мяне просьба: ты можаш дастаць квіток на матч Германія — Мексіка?

 Зміцер УЛАСАЎ.

Naviny.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *