25 гадоў таму назад у гэты дзень адкрылі помнік Францішку Скарыну ў Лідзе

Серада, Жнівень 1, 2018 0

У Лідзе, у скверы паблізу Фарнага касцёла, узвышаецца помнік вялікаму беларускаму першадрукару, пісьменніку, вучонаму, асветніку, выдатнаму дзеячу культуры эпохі Адраджэння Францішку Скарыну. Адкрыты гэты манумент быў 25 гадоў назад, 25 ліпеня 1993 года. З прапановай устанавіць у Лідзе помнік знакамітаму беларусу выступіў яшчэ ў канцы 1989 года грамадскі дзеяч, педагог, паэт Міхась Мельнік, які ў той час узначальваў Лідскую гарадскую раду Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Дарэчы, гістарычнага сведчання таго, што Францішак Скарына быў у Лідзе, не знойдзена. Аднак ёсць дакументы, у якіх гаворыцца, што ў часы Скарыны праз Ліду праходзіў шлях з Кракава ў Вільню, так званы «Каралеўскі тракт». Магчыма, Скарына ехаў вучыцца з Полацка ў Кракаў праз Ліду, а таксама дабіраўся з Кракава і Прагі ў Вільню старадаўнім гасцінцам праз Ліду.

Выдатны вобраз Скарыны ў бронзе стварыў скульптар з Менска Валяр’ян Янушкевіч. Архітэктурнае аздабленне тэрыторыі каля помніка, устаноўка манумента праводзіліся пад кіраўніцтвам лідскага мастака Рычарда Грушы. У скульптуры перша-друкар увасоблены ў доўгім адзенні, з паднятай угару правай рукой, што сімвалізуе веды і мудрасць. Побач — кніга на высокай падстаўцы.

Як ужо было адзначана, урачыстае адкрыццё помніка Францішку Скарыну ў Лідзе адбылося 25 ліпеня 1993 года. У той памятны дзень у Лідзе адбылася грандыёзная, насычаная культурная праграма, у Ліду з’ехалася вельмі шмат гасцей, у тым ліку з блізкага і далёкага замежжа.

Помнік Скарыну ў Лідзе — адзіны помнік гэтай выдатнай асобе ў Гарадзенскай вобласці, другі ў Беларусі помнік знакамітаму асветніку (першы быў пастаўлены ў 1974 годзе ў Полацку, на яго малой радзіме). Помнікі Францішку Скарыну ёсць таксама ў Менску, Празе, Калінінградзе і Кішынёве.

Падрыхтаваў

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Міхась Мельнік

 

Францішак Скарына ў Лідзе

 

Едучы з Полацка ў Кракаў

Веды ў навуках набыць,

Спыніўся ля Лідскага замка

Скарына душой адпачыць.

Гэтым жа шляхам вяртаўся

Ён з Прагі ў ліцвінскую Вільню,

Дзе справай друкарскай заняўся,

Каб кнігай уславіць краіну.

Ягонае Слова лунае

Сёння ў вялікім Сусвеце,

Мудрым святлом яно ззяе

Дзедам, бацькам і дзецям.

Высіцца ў горадзе Лідзе

Помнік Скарыну выбітнаму.

Здаецца, што раптам сыдзе

Францыск з пастамента гранітнага,

Выйдзе да люду з парадай

Кнігі чытаць пажыццёва,

Каб родная мова на радасць

Нам свет адкрывала новы.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *