Да 695-годдзя Ліды. Гісторыя горада ў даследчых працах, газетах і не толькі

Чацвер, Жнівень 30, 2018 0

Да 695-гадовага юбілею горада Ліды прымеркавана выстаўка «У гісторыю слова лідскага», якая адкрылася днямі ў літаратурным аддзеле гістарычна-мастацкага музея (доміку Таўлая). Першымі наведвальнікамі новай выстаўкі сталі сябры літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты» (адкрыццё выстаўкі адбылося ў рамках чарговага пасяджэння літаб’яднання). Аснову экспазіцыі выстаўкі склалі арыгіналы і копіі даследчых прац гісторыкаў і краязнаўцаў мінулага і сучаснасці, якія датычацца горада-юбіляра — Ліды.

людзікстэнд2к

На бачным месцы ў экспазіцыі змешчаны партрэт Тэадора Нарбута — аднаго з буйнейшых айчынных гісторыкаў XIX стагоддзя, які даследаваў у тым ліку і сваю родную Лідчыну, яе старажытны замак. Ахвотныя могуць азнаёміцца з хронікамі Яна Длугаша, Мацея Стрыйкоўскага, у якіх гісторыя Ліды даследуецца з часоў яе заснавальніка — вялікага князя літоўскага Гедыміна.

Копіі газеты «Ziemia Lidzka» — свайго роду летапіс Ліды 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Тут жа змешчаны партрэты сяброў рэдкалегіі той польскамоўнай газеты, напісаныя лідскім скульптарам Вадзімам Вераб’ёвым. Шмат раскажуць аб Лідзе «польскага часу» і ўспаміны Ежы Путраманта, які ў свой час вучыўся ў лідскай гімназіі імя Караля Хадкевіча.

Увогуле, на выстаўцы прадстаўлены копіі і арыгіналы многіх газет, якія ў розныя часы выходзілі ў Лідзе, у тым ліку копія аднаго з першых нумароў газеты «Уперад» (папярэдніцы «Лідскай газеты»). Знайшлося тут і месца для гістарычна-літаратурнага часопіса «Лідскі летапісец», які выходзіць ужо больш за дваццаць гадоў.

Наведвальнікі выстаўкі таксама маюць магчымасць азнаёміцца з працамі сучасных гісторыкаў і краязнаўцаў Лідчыны: Валерыя Сліўкіна, Станіслава Судніка, Анатоля Куляша, Мікалая Дзікевіча, Леаніда Лаўрэша і іншых.

Ёсць у экспазіцыі і асобныя прадметы: друкарская ўстаноўка, друкарская машынка, тэлефон (разам са старымі тэлефоннымі даведнікамі), радыёпрыёмнік, тэлевізар 50-х гадоў і г. д.

— Выстаўка «У гісторыю слова лідскага» будзе цікавай для кожнага, хто неабыякавы да гісторыі Ліды, — гаворыць напрыканцы экскурсіі навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун. — Запрашаем наведаць яе і, дзякуючы копіям і арыгіналам даследчых прац, газет, часопісаў, пагартаць старонкі гісторыі нашага горада.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *