Маёнтак Дамбавецкага гасцінна сустрэў гасцей свята!

Панядзелак, Жнівень 20, 2018 0

У цёплы сонечны дзень — 4-га жніўня маёнтак Дамбавецкага сабраў на брэндавым свяце ўсіх жыхароў аграгарадка Бердаўка і яго гасцей — тых, хто любіць сваю малую Радзіму, захоўвае яе гістарычную спадчыну і цікавіцца яе будучым.

На пачатку свята гледачоў вітаў народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў «Мы з вёскі-калыскі» і прадставіў інтэрактыўную экскурсійна-пазнавальную праграму ў музеі сям’і «Падарожжа ў сямейны дабрабыт». Цікавым атрымаўся і агляд музейных экспазіцый: «Творчая лабараторыя народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў» і «Вяселле — пачатак сямейнага жыцця», дзе ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання «Ойра» Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра быў прадстаўлены вясельны абрад «Надзяванне вэлюму».

Даспадобы прыйшоўся гасцям свята паркавы шпацыр «Спадчына Дамбавецкага» з аглядам рэдкіх парод дрэў. У прыгожым пейзажным парку наведвальнікі ўбачылі блакітныя елкі, лістоўніцы еўрапейскія, піхты і іншыя дрэвы, пасаджаныя ў свой час самім спадаром Дамбавецкім.

У рамках свята была арганізавана выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Рамеснае сузор’е». У шыро-кім выставачным асарціменце свае вырабы прадставілі таленавітыя майстры Бердаўскага сельсавета. Дзівілі позірк цудоўныя вырабы з саломы, тканіны і дрэва, а таксама выцінанка, шыццё і ткацтва. Філіял «Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Бедаўка» ДУК «Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы» падрыхтаваў тэматычную выстаўку літаратурных твораў пра Бердаўку, яе гісторыю і жыхароў. Працавала інтэрактыўная пляцоўка Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра.

?

?

конькручнікік

Меў месца на свяце і цудоўны момант! Па запрашэнні гаспадыні свята — ахмістрыні маёнтка, праз вякі і час стагоддзяў завітаў у свой палац спадар Дамбавецкі! На ўпрыгожанай брычцы ён прыехаў на свята, каб павітаць землякоў, пачаставаць усіх смачнай фамільнай «дамбавецкай юшкай» і аладкамі ад сваёй кухаркі Адэліны, разам паспяваць песні, патанчыць, пасмяяцца, пагуляць у гульні, і наогул, убачыць, як бердаўчане карыстаюцца той спадчынай, якую ён пакінуў сваім нашчадкам.

На свяце было шмат вясёлых гульняў, танцаў і песень. Пад час правядзення сюжэтна-забаўляльнага прадстаўлення «Кола часу», гледачы гулялі ў гарадкі, «пяклі» бліны, спрытна «даілі» кароў, танцавалі разам з панам Дамбавецкім старадаўнія танцы: кракавяк, падыспань, польку-бабачку, вясковы вальс і іншыя.

У канцэртнай праграме «Таленты зямлі Бердаўскай» гледачоў парадавалі выдатным выкананнем  бердаўчане — Сяргей Баранаў, Наталля Новікава, народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў «Мы з вёскі-калыскі».

Як сведчыць гістарычны летапіс, А. Дамбавецкі любіў наладжваць у маёнтку тэатральныя, паэтычныя і гумарыстычныя вечарыны. Пад-трымліваючы традыцыі культурных падзей гістарычнай сядзібы, арганізатары свята  правялі фестываль гумару «Пацешкі ды ўсмешкі — даўгалецця сцежкі», у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі аматарскай творчасці з Беліцкага, Крупаўскага, Тарноўскага, Першамайскага Дамоў культуры, Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў, а таксама госці свята — удзельнікі аматарскага аб’яднання «Актыўнае даўгалецце» Лідскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельні-цтва.

Пераможцам фестывалю, па выніках глядацкіх сімпатый,  вызначыўся гумарыстычны дуэт Акуліны і Агрыпіны Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Пад авацыі прысутных ва ўрачыстых абставінах ім быў уручаны галоўны прыз — дыплом і мяшок зерня новага ўраджаю ад КСУП «Бердаўка-Агра»!

Падарункам для ўсіх стала канцэтна-забаўляльная праграма салістаў эстраднага калектыву рэтра-песні «Мерыдыян» Палаца культура г. Ліды. Прадоўжыў святочную праграму танцавальны вечар адпачынку «Танцуем усе!»

Напрыканцы, спадар Дабавецкі выказвў словы падзякі бердаўчанам за цудоўнае свята, што зберагалі маёнтак, пакінуты ім у спадчыну. Пажадаў, каб Бердаўка квітнела, а яе жыхары былі заўсёды шчаслівыя на сваёй роднай зямлі!

Удзельнікам і гасцям свята прыйшлося даспадобы і пакінула самыя лепшыя і незабыўныя ўражанні. Работнікі Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра на чале з вядучымі метадыстамі ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» з адданасцю рыхтавалі свята, якое прайшло на высокім мастацкім узроўні. За падрыхтоўку мерапрыемства калектыў узнагароджаны Падзячным лістом дырэктара ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці».

Падводзячы вынікі свята, неабходна сказаць, што нас усіх аб’ядноўвае любоў да роднай зямлі, дзе ўсе мы блізкія людзі, а сугучча стагоддзяў дапамагае нам памятаць пра тое, што засталося ў спадчыну ад нашых продкаў!

Алена Габіс.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *