Навіны Германіі. Дзіцячы лагер «Брэменскія музыкі»

Аўторак, Жнівень 7, 2018 0

У лідскай  СШ № 1 для дзяцей ад 6 да 14 гадоў у ліпені адчыніў свае дзверы лагер «Брэменскія музыкі». Як сапраўдныя трубадуры, кожны дзень яны вандруюць па незнаёмых вуліцах, бульварах, завулках казачнага горада Брэмена. Хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, а хтосьці навучыўся не засмучацца пры маленькiх няўдачах. Кожны наступны дзень непадобны на папярэдні і напоўнены новымі ўражаннямі. Дзеці сталі ўдзельнікамі пазнавальных і спартыўных мерапрыемстваў, конкурсных, забаўляльных праграм і віктарын.

У лагеры ў выхаванцаў шмат спраў: яны ходзяць на экскурсіі, глядзяць фільмы ў кінатэатры. А таксама малююць, гуляюць у рухомыя і настольныя гульні.

Вялікая ўвага тут надаецца прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця, замацаванню Правіл дарожнага руху і пажарнай бяспекі. Усё гэта праходзіць у ненадакучлівай, цікавай і займальнай для дзяцей форме. Кожны дзень праводзіцца хвілінка бяспекі.

Лагер «Брэменскія музыкі» цесна супрацоўнічае з Лідскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, Лідскім раённым экалагічным цэнтрам, Лідакінавідэасеткай, АДАІ Лідскага РАУС, Лідскім раённым аддзелам па НС, Лідскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства, Лідскім раённым цэнтрам тэхнічнай творчасці. Працаўнікі гэтых устаноў праводзяць з выхаванцамі лагера майстар-класы, квэст-гульні, інтэрактыўныя пляцоўкі, майстэрні, экскурсіі, практыкумы.

Вядома, гатовага рэцэпту выдатнага лета не існуе. Але педагогі школ перакананы, што паразуменне і добры настрой — сакрэт поспеху. Дарослыя імкнуцца, каб дзецям было весела, а кожны дзень стаў незабыўным.

Л. Шаўчук,

дырэктар лагера «Брэменскія музыкі».

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *