Навіны Германіі. «Гэтая краіна валодае магічнымі сіламі!»

Серада, Жнівень 1, 2018 0

Нямецкі журналіст прызнаўся ў любові да Беларусі на старонках берлінскага часопіса 

Калі я ўпершыню паехаў у Беларусь у 1994 годзе, бацькі пазіралі на мяне як на вар’ята. Ім было б больш даспадобы, каб я, як усе нармальныя людзі, скіраваўся на Коста Браву ці Лазурны Бераг. Маіх бацькоў у першую чаргу пужала тое, што яны анічога не чулі пра гэтую дзяржаву — Беларусь ці Вайсруслянд, як кажуць у нас дагэтуль. Што гэта за край такі? І дзе ён увогуле знаходзіцца? Інтэрнэт тады яшчэ хадзіў у дзіцячых штоніках і выдаваў вобмаль інфармацыі. Кнігі пра Беларусь? Старонка не знойдзена. Артыкулы пра Беларусь? Жадаем поспехаў.

Але мне было даспадобы адкрываць краіну, пра якую ніхто нічагусенькі не ведаў. Я здаваўся сабе Джэймсам Кукам ХХ стагоддзя. Тут я навучыўся піць самагонку так, каб не зваліцца пад стол, даведаўся, што тутэйшыя балотныя абшары поўняцца містычнымі істотамі, а таксама навучыўся гаварыць: «Я кахаю цябе» па-беларуску

Беларуская мова — глыбока паэтычная ды казачная. Што выклікае неймавернае здзіўленне, калі ўзгадваеш пра ўсё тое гора, якое выпала на долю гэтага краю.

Цягам стагоддзяў сваёй гісторыі, якая надзяліла беларусаў уласнай дзяржавай толькі пасля скону Савецкага Саюзу, Беларусь неаднаразова была ператворана ў пустэльню, яе насельніцтва высякалі пад корань і прыгняталі.

За гэтыя гады я зразумеў, як цесна звязана Беларусь з рэштай Еўропы — праз такія духоўныя плыні, як Адраджэнне, праз Магдэбургскае права, а таксама праз катастрофы ХХ стагоддзя: Халакост, дыктатуру, тэрор. Гэтае месца пасуе для таго, каб спасцігаць еўрапейскія культурныя зрухі. Хто б мог падумаць, што Адам Міцкевіч, слынны польскі паэт, быў таксама і беларусам, што першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вайцман, а таксама Марк Шагал паходзяць з Беларусі.

Адпачынак у Беларусі падобны да вакацыяў у федэральнай зямлі Брандэнбург — хіба што тут яшчэ лепей.

Найцудоўнейшыя азёры, інфраструктура — у больш прыстойным стане, чым прынята лічыць, ландшафт не выглядае прылізаным пад грабеньчык — і акурат гэта сімпатычна. Людзі: вясковыя, але сяброўскія. Іх схільнасць да пафасу з’яўляецца бунтам супраць супярэчнасцяў, з якімі даводзіцца жыць.

Калі самалёт вынырвае з аблокаў ля Менска і адкрываецца від на мора стромкіх соснаў, я адчуваю, што трапляю ў іншы свет, які даўно зрабіўся часткай майго жыцця. Краіна, якую завуць Беларусь, проста-такі валодае магічнымі сіламі.

Доказ: мой цесць мае дом на беразе Нёмана. Вуліца, на якой стаіць хацінка, называецца Наднёманскай. Там я спраўляў вяселле са сваёй жонкай. Мой дзед, які жыў у Штольбергу ля Аахену, меў дом на вуліцы, якую перад вайной называлі Мемельштрасэ — Нёманская ў перакладзе. Нёман — гэта беларуская назва Мемеля. Для беларусаў Нёман — бацька. Бадай, для нас, еўрапейцаў, таксама.

Інго Пэтц,

часопіс Cicero (пераклаў Руслан Гаёк).

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *