Навіны Германіі. Немец вывучыў беларускую і рамантуе школу пад Ракавам

Аўторак, Жнівень 14, 2018 0

Адкуль такая матывацыя?

— Гэта вынік маёй цікавасці да Беларусі, дзе я апынуўся выпадкова, — тлумачыць Бэньямін Гаўзнер.

Пасля заканчэння школы ў 2013-м ён не хацеў адразу паступаць ва ўніверсітэт, каб папрацаваць валанцёрам у іншай краіне. Знайшоў такую магчымасць у Беларусі і падумаў, што гэта будзе цікавы досвед, таму што гэта — «невядомая краіна», якая знаходзіцца зусім недалёка ад Германіі. Бэн валанцёрыў 10 месяцаў.

— Гэта быў цудоўны час, і краіна мяне вельмі ўразіла. Упершыню я пачуў беларускую мову (калі не ў метро) на культурным імпрэзе ў Менску. Тады я нічога не разумеў, таму што вучыў толькі расейскую, — узгадвае Бэн.

Два гады таму ён зноў наведаў Беларусь, тады і вырашыў вывучыць мову, каб лепш разумець краіну:

— Купіў падручнік у Менску і, як толькі прыехаў дадому, пачаў.

Бэн вучыўся ў Польшчы і Літве, а цяпер вывучае сацыялінгвістыку ў Германіі. У свае 23 ён валодае 8-мю мовамі, у тым ліку літоўскаю, польскаю ды расейскаю. Ён цікавіцца сувяззю паміж імі, а таксама тапонімамі нашага рэгіёна.

— У беларускай мове ёсць значны ўплыў іншых моваў, што бачна і ў тапонімах. Шмат якія беларускія тапоні-мы маюць балтыйскае паходжанне, напрыклад, Жодзішкі або Ашмяны. Да таго ж, мне проста падабаецца, як тапонімы гучаць. Напрыклад Шышчыцы, Іўе, — тлумачыць ён.

— Ці ведаеш, што беларусаў называюць славянскімі немцамі? — пытаю.

— Не, але я насамрэч сам часам так гавару. Я быў у суседніх з Беларуссю краінах і лічу, што беларусы спакайнейшыя і сціплейшыя, чым, напрыклад, украінцы ці расейцы. Такія рысы характару асацыююць звычайна і з немцамі. Парадак і добрая інфраструктура ў Беларусі напамінаюць мне таксама пра маю радзіму.

Гэтым летам Бэн зноў прыехаў у Беларусь, каб рамантаваць школу на Меншчыне.

Інга Астраўцова, belsat.eu.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *