Па чыстым Нёмане песня плыве

Аўторак, Жнівень 7, 2018 0

22 ліпеня ў аграгарадку Беліца адбылося (брэндавае) экалагічнае свята «Па чыстаму Нёману песня плыве»

Аграгарадок Беліца — адзін з самых маляўнічых куточкаў Лідскага раёна, стаіць на беразе Нёмана — буйнейшай ракі ў Еўропе. У чацвёрты раз у Беліцы святкуецца экалагічнае свята «Па чыстаму Нёману песня плыве».

З прывітальнымі словамі ў час адкрыцця свята выступіў старшыня Беліцкага выканаўчага камітэта — Сяргей Станіслававіч Кулеш. Шмат цікавага чакала гледачоў у гэты дзень, а іх, дарэчы, было нямала: і дарослыя, і дзеці завітвалі сюды, каб паслухаць меладычныя песні і паўдзельнічаць у конкурсах і спаборніцтвах. Нават буслы, пачуўшы прыгожыя мелодыі, прыляцелі да сцэны і некалькі хвілін кружылі карагод у небе.

вядоўцыклюдзіклялькак

Напярэдадні мерапрыемства быў абвешчаны конкурс на самую вялікую рыбіну, злоўленую дазволеным спосабам — вудай ці спінінгам. Кон-курс выклікаў у гледачоў шмат эмоцый. На сцэну выйшлі рыбакі з рыбаю, якую яны злавілі ў Нёмане. Гэта былі, вядома, мужчыны — Вадзім Малец, Анатоль Рудзевіч і Яўген Кракоўскі. Больш за ўсіх «пацягнуў» язь, якога злавіў Вадзім Малец: рыба заважыла 1,3 кг. Рыбак выйграў білет на рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка».

Экалагічная квэст-гульня прыйшлася даспадобы дзіцячай аўдыторыі. Хутчэй за ўсіх выканаў заданне — па прапанаванай карт-схеме  знайшоў на геаграфічных пікетах усе літары і склаў зашыфраванае слова «Экалогія» — Аляксей Мілюць, які і стаў пераможцам квэст-гульні. Дарэчы, хлопчык прыехаў на лета да бабулі ў госці. Адпачынак яму запомніцца — Аляксей таксама выйграў білет на рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка».

На імправізаванай святочнай сцэне выступалі калектывы і артысты мастацкай творчасці з Пескаўскага, Ходараўскага, Мажэйкаўскага, Ганчарскага Дамоў культуры.

Народны тэатр «Бераг» Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра прадставіў прэм’ерную мініяцюру «Лялькі-шоў», а Святлана Чайко (кіраўнік тэатра) захапіла гледачоў сваім талентам і аповедам прыгожай старажытнай легенды пра Нёман і Лошу.

На свяце была прадстаўлена выстаўка вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а пасля свята для ўсіх ахвочых была прапанавана экскурсія ў Беліцкі Дом культуры ў этнаграфічны пакой «Вяртанне да вытокаў».

Калектыў Беліцкага Дома культуры з адданасцю рыхтаваў брэндавае мерапрыемства «Па чыстаму Нёману песня плыве», якое ўсім прыйшлося даспадобы і пакінула самыя лепшыя ўражанні.

Падводзячы вынікі свята, неабходна сказаць, што прырода — наш агульны дом, і ў нас з вамі ёсць агульны абавязак — зберагчы яе ў цэласнасці і захаванасці!

Алена Габіс,

ДУ ЛЦКНТ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *