У Лідскім замку адкрылася карчма «Львiная хата»

Аўторак, Жнівень 7, 2018 0

Тут можна паспрабаваць шляхецкую кухню, настойку з ядлоўцу ўласнага вырабу, «падыхаць» XIV стагоддзем і прыемна правесці час. Пра ўстанову агульхарчу ўсярэдзіне галоўнай славутасці горада даўно прасілі лідзяне. Пажаданні выказвалі і шматлікія турысты. І вось мара збылася!

Зараз на тэрыторыі замка — у бярвеннай хатцы — знаходзіцца невялікі рэстаранчык. У аб’екта адразу тры сузаснавальнікі — Зміцер Бабарык, Вольга Біга і Ігар Коц. Усе гэтыя людзі маюць досвед працы ў гандлі. Усярэдзіне «Львiная хата» разлічана на 30 чалавек, яшчэ 60 могуць размясціцца на тэрасе.

леўкунутрыкключык

Пра тэматыку рэстаранчыка разважаць не прыйшлося. Якой яшчэ можа быць тут атмасфера, калі не гістарычнай?! Фармат установы таксама ў стылі мінулага часу — карчма.

А вось з назвай прыйшлося паламаць галаву.

— У нас было каля 50 варыянтаў, — адзначае адзін з уладальнікаў карчмы Зміцер. — У выніку спыніліся на назве «Львіная хата». Леў, як вядома, знак нашага горада.

Дарэчы, на адной са сцен рэстаранчыка мы заўважылі ключы. «А ці не тыя са-мыя, ад нашага горада, якія па легендзе захоўвае леў? Можа, невыпадкова яны тут?» — мільганула думка.

Ва ўстанове адразу адчуваецца гістарычны дух. Акцэнт на дрэва — з гэтага матэрыялу шырокія сталы і крэслы, паліцы, барная стойка. Усё прадумана да дробязяў: масіўныя кованые жырандолі, свяцільні ў выглядзе падпаленых паходняў, ільняныя занавесы, перавязаныя аборкай, посуд — гліняны і чыгунны, слоікі з хатнімі нарыхтоўкамі і многае іншае.

У «Львiную хату» ўжо сёння з задавальненнем прыходзяць і лідзяне, і турысты. Дарэчы, нядаўна тут абедалі госці з Кубы і Бразіліі. «Вельмі вясёлыя маладзёны, нахвальвалі нашы збанкі з дранікамі, свінінай, грыбамі, вяршкамі і духмянай травой», — адзначаюць у карчме.

Стравы, і праўда, вельмі смачныя. Зрэшты, як і ўся астатняя кухня. Тут вам і мачанка з мясам і блінамі, і вясковая патэльня з каўбасой, і смажаніна з вэнджанай курыцай…

У далейшым асартымент будзе толькі папаўняцца. Акцэнт — на шляхецкую кухню. Яшчэ адна разыначка ўстановы — настойкі ўласнай падрыхтоўкі з розных ягад. З ядлоўцу — ужо ў меню!

У перспектыве — уласная пякарня!

Задумак у гаспадароў карчмы «Львiная хата» шмат. Так, тут можна будзе паспрабаваць дзівосную каву. Ужо набыта італьянскае абсталяван-не. А таксама ў планах добрая лінейка вінаў, і, вядома, усе гатункі «Лідскага піва». У панадворку змесціцца пякарня — свежая выпечка, хлеб уласнага вырабу…

Што больш за ўсё не любяць кліенты? Чакаць! У «Львiной хаце» прадумалі, як прыхарашыць наведвальнікам гэты час. Спачатку аперытыў за кошт установы. А затым невялікая забаўка ў гістарычным стылі.

Цяпер наведаць карчму можна, пакуль адкрыты замак — з 10.00 да 19.00. Аднак плануецца, што ўжо з верасня рэстаранчык будзе працаваць да гадзіны ночы!

Вольга Ніканенка,

0154.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *