«Ёсць месца на Зямлі, дзе вам заўсёды рады»

Серада, Жнівень 1, 2018 0

Пад такой назвай 18 ліпеня ў Крупаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна выхаванцаў летняга аздараўленчага лагера «Дружба» сабрала літаратурная гасцёўня, прысвечаная Году малой радзімы. Нішто на зямлі для чалавека не можа быць бліжэй і даражэй, чым той куточак, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло яго цудоўнае дзяцінства, дзе ён спазнаў сваё першае нясмелае каханне, дзе гучыць самая прыгожая, родная мова. Менавіта такімі думкамі з юнымі слухачамі на працягу ўсяго мерапрыемства дзяліліся паважаныя госці, вядомыя паэты Лідскага краю Міхась Мельнік і Алесь Хітрун.

Гэтыя таленавітыя і надзвычай адкрытыя людзі цікава распавядалі ўдзельнікам творчай сустрэчы пра свае шляхі ў літаратурную дзейнасць і сваё жыццё, якое яны не ўяўляюць без літаратурнай творчасці, прэзентавалі кнігі і часопісы, у якіх друкуюцца,  чыталі вершы, дзе з вялікай любоўю і гордасцю праслаўляюць малую радзіму і такую неверагодна прыгожую родную мову. Каб пераканаць у апошнім прысутных, Алесь Хітрун нават прачытаў асабісты твор «У абарону роднай мовы» у арыгінале і ў перакладзе на рускую мову. Вельмі падабалася дзецям і гумарыстычнае тлумачэнне слоў, якое прапанаваў малады лідскі пісьменнік з  свайго жартоўнага тлумачальнага слоўніка. А Міхась Іванавіч Мельнік захапіў увагу маленькіх слухачоў вясёлым вершам пра жыхароў беларускіх лясоў.

Юныя ўдзельнікі літаратурнай сустрэчы не толькі слухалі творы гасцей ў аўтарскім выканані, але і самі прачыталі на памяць вершы-прызнанні іншых беларускіх паэтаў у любві да Бацькаўшчыны. Асаблівым падарункам для запрошаных на мерапрыемства паэтаў стаў відэаролік, у якім выпускніца Крупаўскай школы Ішкула Таццяна прачытала верш настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Жульпы Г.В. «За што я люблю сваю вёску», апошнія радкі якога, дарэчы, і паслужылі назвай для літаратурнай гасцёўні.

Цікава і непаўторна прайшоў час. Думаецца, што гэта мерапрыемства здолее ўзмацніць павагу і любоў маленькіх дапыптлівых грамадзян да сваёй радзімы, падштурхне іх стаць сапраўднымі і руплівымі гаспадарамі  роднай зямлі. Трэба таксама адзначыць, што нейкі час таму Алесь Хітрун, з’яўляючыся вучнем 8 класа Крупаўскай школы, у гэтым жа самым памяшканні з заміраннем сэрца слухаў вершы лідскіх паэтаў Віктара Бачарова і Міхася Мельніка. Па ўспамінах Алеся, тая сустрэча стала неверагоднай, лёсавызначальнай падзеяй у жыцці юна-ка. Магчыма, некаму з сённяшніх юных выхаванцаў гэта сустрэча таксама дапаможа вызначыць яго лёс.

Кіраўнік школьнай газеты

Крупаўскай СШ

Вінчо А.М.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *