Навіны Германіі. На ўсходзе Германіі адбыўся новы інцыдэнт з імігрантамі

Панядзелак, Верасень 24, 2018 0

Ва ўсходненямецкім горадзе Кётан (федэральная зямля Саксонія-Анхальт) у выніку вулічнага канфлікту з удзелам мігрантаў з Афганістана памёр 22-гадовы грамадзянін Германіі.

Інцыдэнт адбыўся ў мінулую нядзелю. На адной з дзіцячых пляцовак горада трое ўраджэнцаў Афганістана высвятлялі са сваёй знаёмай, ад каго яна зацяжарала. Да іх падышоў малады немец са сваім братам, які, як піша агенцтва DPA, быў вядомым у Кётане правым экстрэмістам. У выніку бойкі адзін з немцаў упаў на зямлю і пазней памёр у бальніцы.

Два аўганцы-удзельнікі канфлікту затрыманы. Адзін з іх падазраецца ў нанясенні небяспечных цялесных пашкоджанняў, другі — ва ўчыненні траўмы, якая прывяла да смерці. У той жа час, як паведамляе паліцыя, ускрыцце паказала, што малады чалавек памёр ад сардэчнай недастатковасці, а сцвярджэнні, што смерць наступіла з прычыны нанесеных яму ўдараў, пацверджання не знаходзяць.

Увечары ў нядзелю ў Кётане адбылася шматлюдная дэманстрацыя, ініцыяваная правымі групоўкамі. Яна сабрала каля дзвюх з паловай тысяч жыхароў Кётана і нацыяналістаў, якія прыехалі з іншых месцаў. Левыя арганізацыі здолелі сабраць каля 200 чалавек для ўдзелу ў альтэрнатыўнай дэманстрацыі.

Прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Саксонія-Анхальт Райнар Хазалоф заявіў аб недапушчальнасці ператварэння Кётана ў «другі Кемніц». 26 жніўня ў саксонскім горадзе Кемніцы ў бойцы быў забіты 35-гадовы мужчына, паліцыя затрымала двух падазраваных у забойстве, якія падалі ў Германіі запыт на статус уцекачоў. Яшчэ адзін чалавек знаходзіцца ў вышуку. У сувязі з злачынствам у горадзе адбыліся мітынгі і дэманстрацыі як супраць міграцыйнай палітыкі ўладаў, так і супраць ксенафобіі.

Радыё Свабода.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *