Прэзентацыі новых кніг у Лідзе

Аўторак, Верасень 4, 2018 0

У арт-прасторы GA11ERY (Галерэя 11) у Лідзе па Міцкевіча, 31 прайшла прэзентацыя чарговай кнігі даследчыка, краязнаўца і пісьменніка Леаніда Лаўрэша — «Генерал, які дайшоў да Беларусі». Гэта ўжо дзясятая кніга аўтара. У ёй расказваецца пра постаць Кіпрыяна Кандратовіча — генерала расейкай арміі, ураджэнца Лідчыны, які ў лёсавырашальны час заняў прабеларускую пазіцыю і ўвайшоў у склад ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. Па словах аўтара, гэтае выданне адмыслова рыхтавался да 100-гадова-га юбілею абвяшчэння БНР.

генералклаўрашкдвоекзалак

— Гэта мая вечная тэма: генерал Кандратовіч. Цяжка неяк з ёй развітацца. Гэтая фігура становіцца ўсё больш зразумелай для мяне асабіста, хоць яшчэ шмат чаго трэба шукаць, каб зразумець да канца, як чалавек такога маштабу: вышэйшая службовая ваенная асоба ў Расейскай імперыі, чалавек, узнага-роджаны ўсімі ордэнамі Расейскай імперыі, стаў беларусам, сапраўдным беларусам.

Прадстаўленая ў кнізе біяграфія генерала значна шырэйшая за папярэднюю, выдадзенуюў 2007 г. Праца мае высокую навуковую каштоўнасць, бо падмацавана дакументамі і добра напісана. Аўтар рупліва прааналізаваў вялікую колькасць крыніц: дакументы, прэсу, успаміны і навуковыя працы. Крок за крокам мы даведваемся пра лёс генерала Кандратовіча, які жыў у складаныя часы ўпадку і скону Расійскай імперыі ды фармавання новай палітычнай карты Усходняй Еўропы.

Генерал Кандратовіч зрабіў свой выбар — далучыўся да беларускага нацыянальнага руху і ўвосень 1917 г. узначаліў Беларускую Цэнтральную Вайсковую Раду. Ён не ўзяў на сябе рашэнне пра стварэнне беларускага войска, што не дадало яму сімпатыі з боку маладых, энергічных афіцэраў, прывяло да адстаўкі з пасады. Аднак генерал Кандратовіч не збочыў з абранай дарогі. У 1918 г. мы бачым яго ў другім урадзе БНР, створаным Раманам Скірмунтам, а на наступны год ён ствараў беларускія вайсковыя фармаванні пры літоўскім урадзе, а потым быў чальцом дэлегацыі БНР на мірнай канферэнцыі ў Парыжы. Нейкі час генерал жыў у Парыжы, дзе — як вынікае з апошніх даследаванняў Леаніда Лаўрэша — нарадзіўся яго пазашлюбны сын Уладзімір, чалавек трагічнага лёсу…

Кніга «Генерал, які дайшоў да Беларусі» пабачыла свет сёлета ў Гародні, але паколькі пад 25 сакавіка было вельмі шмат розных мерапрыемстваў, то вырашылі прэзентацыю кнігі не падладжваць пад юбілей, а правесці асобна.

 

Другая кніга, якую прэзентавалі ў Лідзе  вершаваны аповед «Пілігрымка дадому» Станіслава Судніка. Вялікі паэтычны твор беларускі пісьменнік, журналіст і выдавец прысвяціў роднай вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна. Мастацкі твор напісаны на падставе розных легендаў пра Сейлавічы і на ўспамінах старэйшых людзей вёскі. Першая пісьмовая згадка пра Сейлавічы адносіцца да 1586 года. Вёска перажыла шмат розных акупацый і вызваленняў. Яна багата на лёсы людзей, гісторыю касцёла, каплічкі, тых падзей, якія там і вакол яе адбываліся. Аўтар «Пілігрымкі дадому» вельмі цікава, змястоўна і праўдзіва апісаў усё тое, што звязана з лёсам роднай вёскі на Нясвіжчыне. І ўсё гэта напісана ў вершаванай форме, дзе скразною лініяй праходзяць легенды і паданні пра вёску і пра тыя факты з біяграфіі людзей і рэлігійных святынь, якія там былі і ёсць. Сказ пра Сейлавічы аздоблены любоўю да Бога, да ўсяго святога, што аберагае і аберагала вёску. Адчуваецца, што аўтар шчыра ўлюбёны ў родныя мясціны, улюбёны ў сваіх землякоў, у сваю вёску ад легендаў і паданняў, пакінутых у спадчыну, да Бажантарні — могілак на ўскраі. Пілігрымка ў родную вёску Сейлавічы ў Станіслава Судніка атрымалася даволі душэўнай, адкрытай і шчымлівай. Яна будзе цікава не толькі для яго землякоў, але і для ўсіх беларусаў, хто цікавіцца паэзіяй, гісторыяй і краязнаўствам.

пілігрымкакзалак

Каб данесці да прысутных на прэзентацыі людзей сутнасць сказу найбольш даходліва, было даручана прачытаць раздзел кніжачкі акцёру Лідскага народнага тэатра Алегу Лазоўскаму. Ён выбраў для чытання раздзел, дзе сярод іншых герояў твора прысутнічае Юзаф Лазоўскі, не сваяк, вядома, а ўсё ж.

Падчас прэзентацыі было згадана, што сёлета спаўняецца 30 гадоў з часу стварэння ў Лідзе першай беларускай арганізацыі новага часу “Рунь”. У “Рунь” некалі ўваходзіў і Леанід Лаўрэш, а яшчэ адзін рунёвец, слынны лідскі бард Сяржук Чарняк аздобіў імпрэзу песнямі патрыятычнай тэматыкі.

Такім чынам новая арт-прастора Ліды Ga11ery атрымала 23 жніўня сваё літаратурнае хрышчэнне, і па ўсім відаць, літаратурныя імпрэзы будуць тут яшчэ не раз.

Андрусь Панямонаў,

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.  

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *