БЕЛАРУСЬ РЫЦАРСКАЯ

Серада, Кастрычнік 3, 2018 0

«Меч Лідскага замка» і не толькі

Адным з самых відовішчных мерапрыемстваў у рамках святкавання 695-годдзя Ліды стаў рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка», арганізаваны ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» аддзела культуры Лідскага райвыканкама і народнай студыяй рыцарскіх мастацтваў «Dies Magna», якая дзейнічае пры названым цэнтры. Жыхары і госці горада, якія ў гэты святочны дзень наведалі замак, змаглі стаць сведкамі і ўдзельнікамі рэканструкцыі яркіх гістарычных падзей, паглядзець на майстэрства конных рыцараў і баі пешых, бліжэй пазнаёміцца з сярэднявечнымі мастацтвамі, акунуцца ў атмасферу сярэднявечча. У пешых турнірах удзельнічалі рыцары з клубаў гістарычнай рэканструкцыі Беларусі і Расіі, конныя прадстаўленні і шоў паказвалі гледачам удзельнікі менскага конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора», свае забавы для наведвальнікаў замка ладзілі і рэканструктары з клуба «Шатландская пяхота» (Маладзечна)… Але аб усім па парадку…

Ва ўрачыстым адкрыцці турніру прынялі ўдзел гурт «Hardwood», тэатр гістарычнага танцу «Soleil» (абодва калектывы — з Менска), тэатр агню «Flash Lights» (Гомель). Турнір, як звычайна, быў падзелены на тры часткі, кожная з іх мела штосьці агульнае, а таксама мела свае асаблівасці.

бойкконік

Новаўвядзеннем турніру ў гэтым годзе стала «Бітва двароў» — масавыя бугурты (камандныя баі) рыцарскіх клубаў па асаблівых правілах. Гледачы ўбачылі сапраўднае рыцарскае шоў — захапляльныя поўнакантактныя баі на рысталішчы з удзелам беларускіх рыцарскіх клубаў «Белы тур», «Паходня», «Шляхецкая застава», «Дружына Патрыка», расійскага клуба «Кайзер». Ладзілі пешыя рыцары таксама індывідуальны пешы турнір «Меч-бастард». Меч-бастард — паўтараручны меч, якім можна біцца, трымаючы яго абедзвюма рукамі. Шчыты ў двубоях на мячах-бастардах не выкарыстоўваюцца, таму баі гэтыя заўсёды праходзяць актыўна (за шчытом тут не схаваешся).

Трэці год запар упрыгажэннем фестывалю з’яўляецца выступленне конных рыцараў клуба «Залатая шпора» з Менска. На гэты раз конна-гістарычным клубам была прадстаўлена новая анімацыйна-гістарычная праграма «Чароўныя коні Вялікага Княства Літоўскага», якая з поспехам прайшла на многіх фестывальных пляцоўках Беларусі. Гледачы бліжэй пазнаёміліся з грацыёзнымі, натрэніраванымі конямі ўдзельнікаў клуба, даведаліся аб іх мянушках і пародах, а таксама аб тым, што Вялікае Княства Літоўскае лічылася адной з лепшых кава-лерыйскіх дзяржаў у свеце, вершнікі княства атрымлівалі шэраг перамог у гістарычна значных бітвах. «Вершнік павінен паважаць свайго каня, пасяброўску ставіцца да яго — і конь адкажа яму тым жа», — гаварыў кіраўнік клуба Павел Калінкоў (пан Павел Заслаўскі).

 

*   *   *

 

У рамках турніру «Меч Лідскага замка» выступалі гурт «Hardwood», тэатр сярэднявечнага танцу «Soleil» з Менска. На працягу ўсяго мерапрыемства ў замку праводзіліся майстар-класы па сярэднявечных і побытавых танцах, музыкальныя выступленні. Ахвочыя мелі магчымасць пакатацца на конях.

Дарэчы, гэта ўжо пяты рыцарскі турнір у Лідзе, на якім выступае менскі ансамбль сярэднявечнай музыкі «Hardwood» («Цяжкое дрэва»). Увогуле, як адзначылі ўдзельнікі ансамбля, Ліда для іх месца знакавае. Менавіта ў Лідзе шэсць гадоў назад калектыў даў свой першы канцэрт. Што тычыцца творчасці ансамбля, сярэднявечныя кампазіцыі яго музыканты робяць блізкімі да сучасных, выкарыстоўваючы ўдарную ўстаноўку, барабаны, бас-гітары, каб сярэднявечная музыка была больш блізкай сучаснаму слухачу.

Таксама ў праграме турніру было прадугледжана нямала інтэрактыўных мера-прыемстваў. Парадавала гледачоў выступленне клуба «Шат-ландская пяхота» з Маладзечна, які прадставіў сваю ўражальную анімацыю як у замку, так і ля яго муроў.

— Мы, адзіныя ў Беларусі, рэканструюем побыт шатландскіх наёмнікаў XVI стагоддзя, якія ваявалі ў Еўропе, — расказвае кіраўнік клуба «Шатландская пяхота» Аляксандр Шоць. — Дарэчы, яны маюць дачыненне і да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, у асабістай гвар-дыі Радзівілаў былі шатландцы. Наш клуб выступае па ўсёй Беларусі, удзельнічае ў роз-ных фестывалях. У шэрагах «Шатландскай пяхоты» налічваецца чалавек пятнаццаць, у тым ліку мая жонка і малодшы сын. У турніры «Меч Лідскага замка» мы ўдзельнічаем другі раз.

 

*   *   *

 

Праграма рыцарскага турніру «Меч Лідскага замка» цягнулася да позняга вечара. Самым насычаным і яркім стала вячэрняе дзвюхгадзіннае прадстаўленне, у рамках якога адбыліся фіналы групавога і індывідуальнага турніраў. Перамогу ў турніры «Бітва двароў» падзялілі каманды рыцарскіх клубаў «Белы тур» (Менск) і «Кайзер» (Масква), а па выніках індывідуальнага турніру найлепшым з найлепшых байцоў быў прызнаны пан Кшыштаф, прадстаўлены як таямнічы рыцар з Менска. Тут жа, у замку, адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.

Вечар — гэта яшчэ і час інтэрактыўнага коннага рыцарскага шоў ад клуба «Залатая шпора». На гэты раз гледачы сталі сведкамі індывідуальнага і групавога конных турніраў. У фінале індывідуальнага турніру сышліся з дзідамі на конях кіраўнік клуба пан Павел Заслаўскі і пан Вацлаў Мсціслаўскі. Кожны рыцар абраў сабе даму сэрца сярод гледачоў-жанчын. Дама сэрца таго рыцара, які перамог (а перамог пан Павел), была абвешчана каралевай турніру і атрымала ўнікальную магчымасць пра-ехацца з ваяром-пераможцам на кані.

У заканчэнне турніру з яркімі фаер-шоў і піратэхнічным прадстаўленнем выступілі адпаведна лідская студыя агню «ZHARA» і фаер-каманда «Flash Lights» з Гомеля. Спецыяльна для турніру ў Лідзе фаершчыкі падрыхтавалі яркія, маштабныя вогненныя нумары з выкарыстаннем вялікай колькасці складанага рэквізіту і піратэхнікі.

Але на гэтым забавы ў Лідскім замку не скончыліся — ахвочых патанчыць чакала начная супердыскатэка «ZAMOK DANCE».

 

*   *   *

 

Па Беларусі пашыраецца мода на ўстаноўку так званых “садовых скульптур” у выглядзе рыцараў. Першай і доўгі час самотнай скульптурай на адрэзку Ліда — Нясвіж была скульптура “Рыцар” у Наваградку, якую ўсе называюць Міндоўгам.

міндоўгкрыцаркдонк

Нядаўна рыцар з’явіўся на АЗС у Нясвіжы з боку Гарадзеі, а  ў Лідзе да сёлетняга свята горада паставілі “Дон-Кіхота”. Таксама рыцар і з усімі атрыбутамі.

Паводле тэксту  Аляксандра Мацулевіча і фота Вольгі Мацешы з “Лідскай газеты” ды Станіслава Судніка.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *