Гарбузовы фэст у аграгарадку Ходараўцы

Аўторак, Кастрычнік 16, 2018 0

Гарбузовы фэст у аграгарадку Ходараўцы

У Лідскім раёне вызначылі самы вялікі гарбуз…

Сонца  ў небе ярка грае,

Гарбузовы  фэст вас сустракае!

Надыйшоў вясёлы час,

Запрасіла свята вас —

Усіх, хто добра працаваў —

Гарбузы ўсе сабраў.

Гэй, музыкі, дружна грайце,

Наша свята  адчыняйце!

 

…Такімі цудоўнымі словамі 29 верасня ў аграгарадку Ходараўцы распачалося брэндавае мерапрыемства — гарбузовы фэст «Каралева восені», які, дарэчы, праводзіўся ўпершыню.

Пра тое, што ў аграгадку Ходараўцы свята, можна было здагадацца, яшчэ толькі падыходзячы да сельскага клуба-бібліятэкі. На пляцоўцы каля яго здалёк былі відаць аранжавыя бакі гарбузоў незвычайных памераў і яркія вырабы з іх. Ідэя зрабіць гарбуз галоўным героем урачыстасці належыць работнікам Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама творчаму калектыву Ходараўскага клуба-бібліятэкі.

У гэты дзень з надвор’ем пашанцавала, і восеньскае свята, якое старанна рыхтавалі работнікі сельскай клубнай установы, сабрала шмат гледачоў. Ля Ходараўскага клуба-бібліятэкі было шматлюдна, весела і гучна. Першым узяў слова і павіншаваў удзельнікаў свята старшыня КСУП «Ходараўцы-Агра» Аляксандр Мар’янавіч Грынкевіч, які выказаў словы ўдзячнасці вяскоўцам за такі добры ўраджай, павагу ўсім, хто старанна працаваў увесь год, пажадаў добрага здароўя і дабрабыту ўсім жыхарам аграгарадка Ходараўцы.

На гарбузовы фэст гасцей запрашалі ветлівыя і гаварлівыя суседкі. Яны прапаноўвалі ацаніць прысмакі з гарбузоў. Тут былі і каша, і пірагі з гарбуза, варэнне і джэм, гарбуз з салёнымі агуркамі і зялёным гарошкам, гарбуз з курыным мясам, гарбузовы суп, гарбуз у цукры і нават квас з гарбуза. На выстаўцы-дэгустацыі страў «Гарбузовыя прысмакі» госці свята не толькі падзівіліся разнастайным стравам з гарбуза, але і паласаваліся імі. Дэгустацыі гарбузовай кашы і супу парадавалі аднавяскоўцаў, а новыя рэцэпты страў прыемна здзівілі ўсіх гаспадынь. Дарэчы, за лепшыя стравы, гаспадыні, якія гатавалі дзівосныя пачастункі, былі ўзнагароджаны падарункамі ад спонсараў мерапрыемства.

гуртк

У межах свята была арганізавана выстаўка разнастайных дарункаў восені «Гарбузовы цуд», работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва жыхароў аграгарадка, праводзіліся майстар-класы па карвінгу на гарбузах.

Трапна ўпрыгожаная сцэна, мноства разнастайных пляцовак, лакацый- фотазон  і цікавая праграма гарбузовага фэсту парадавалі наведвальнікаў.

Увесь час на свяце працавала гульнёва-забаўляльная пляцоўка з аквагрымам, атракцыёнамі для дзяцей і дарослых. Усе ахвотныя маглі паўдзельнічаць у гульнях «Меткі кідок», «Дзыгалкі цераз гарбуз», «Катанне гарбуза» і іншых.

У межах свята праводзіліся конкурсы «Гарбузовыя прысмакі»,  «Гарбузовы цуд» (лепшая работа ў тэхніцы квілінгу), «Лепшы гаспадар агароду» (самая вялікая колькасць вырашчаных гарбузоў) і «Каралева восені 2018″ (самы вялікі гарбуз аграгарадка Ходараўцы).

Жыхары аграгарадка загадзя рыхтаваліся да свята і з задавальненнем паўдзельнічалі ў аб’яўленых конкурсах. У выніку кампетэнтнае журы вызначыла пераможцаў у пяці намінацыях. Пераможцай у намінацыі «Лепшы гаспадар агароду» стала Ганна Камінская, а падарункам за самы вялікі гарбуз быў узнагароджаны дбайны і руплівы гаспадар Ходараўскага падворка Уладзімір Вітко. Яго гарбуз-волат заважыў 97 кілаграмаў.  За такі ўраджай гаспадару быў уручаны сельскагаспадарчы прыз — мех капусты ад  КСУП «Ходараўцы-Агра».

дзядзькак

На працягу свята добры настрой вяскоўцам і гасцям дарылі лепшыя артысты Лідскага і Шчучынскага раёнаў. Гарбузовы фэст працягваўся да позняга вечара і завяршыўся танцавальным марафонам.

Брэндавае мерапрыемства так спадабалася і гасцям, і арганізатарам, што ў наступным годзе запланавана правесці яго з вялікім размахам.

Вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»                                                      В.Р. Троцкая.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *