“Круглы стол” у Лідскім замку

Аўторак, Кастрычнік 23, 2018 0

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання і старшыня арганізацыі Таварыства беларускай мовы спн. Алена Анісім, у сваім Фэйсбуку падзялілася ўражаннямі ад паездкі кіраўніцтва ТБМ і рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча ў г. Ліду, якая адбылася 13.10.2018 г.

Спн. Анісім распавяла, што ў Лідскім замку быў праведзены “круглы стол”, прысвечаны гісторыі рэстаўрацыі гэтага выбітнага помніка архітэктуры. Прысутнічалі музейшчыкі, грамадскасць, адказныя асобы з мясцовых органаў улады, журналісты мясцовай тэлевізіі і друкаваных СМІ.

— В.а. рэктара Алег Трусаў, я як старшыня ТБМ, першы прарэктар Уладзімір Колас, прарэктар па навучальна-акадэмічнай працы Павел Церашковіч прэзентавалі дзейнасць нашага Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Для ўсіх прысутных было цікава даведацца пра дзейнасць падрыхтоўчых курсаў, пра запланаваныя спецыяльнасці. Мы атрымалі таксама зваротную сувязь ад моладзі ў выглядзе запоўненых анкет.

Мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй, у якой размешчаны ўнікальныя рэчы. Гэта фактычна наша першая паездка з прэзентацыяй дзейнасці Універсітэта імя Ніла Гілевіча. І вельмі добра, што яна адбылася ў сценах старажытнага адметнага помніка нашай архітэктуры. Спадзяёмся, што правядзём яшчэ шэраг такіх прэзентацый па Беларусі.

стол1кілаўрашкізамаккі

Па-за ўражаннямі сп-ні Анісім трэба адзначыць, што арганізоўвала і вяла імпрэзу “кашталян” замка Ганна Некрашэвіч. З дакладам пра лёс замка ў першай палове ХХ стагоддзя выступіў відны лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш.

На імпрэзе прысутнічалі супрацоўнікі Лідскага музея, якія штодзень вядуць экскурсіі па замку, вымушаны адказваць на самыя розныя пытанні, а тут і самі нарэшце змаглі задаць неабмежаваную колькасць пытанняў Алегу Трусаву. Але прысутнічалі і старшакласнікі, многія з бацькамі, якім перш за ўсё была важная інфармацыя пра Універсітэт імя Ніла Гілевіча. Відаць, што яны ўжо думаюць пра будучае месца вучобы. І добра, што гэтыя думкі фармуюцца на фоне старажытных і магутных муроў Лідскага замка.

Наш кар.

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *