Навіны Германіі. У Менску пройдзе Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы

Аўторак, Кастрычнік 30, 2018 0

У сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (МКБ), якая пройдзе 30 кастрычніка — 1 лістапада ў Менску, возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка, паведамляюць арганізатары на сайце канферэнцыі. «Пасяджэнне асноўнай групы МКБ арганізаванае ў партнёрстве з урадам Беларусі і з’яўляецца нейтральнай платформай для абмену думкамі па палітычных пытаннях», — адзначаецца ў паведамленні. Плануецца, што ў мерапрыемстве таксама возьмуць удзел прэм’ер-міністр Балгарыі Бойка Барысаў, прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян і прэм’ер-міністр Малдовы Павел Філіп. Удзельнікамі дыскусіі стануць міністры замежных спраў Македоніі, Манголіі, Польшчы і Славакіі, генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, камісар ЕС па перамовах аб добрасуседстве і пашырэнні Ёханес Хан, генеральны сакратар НАТА па камунікацыях і бяспецы Арнд Фрэйхер Фрэйтаг фон Ларынгховен, выканаўчы сакратар Арганізацыі Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зербо.

«Пасяджэнне асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з’яўляецца нейтральнай платформай для абмену думкамі па палітычных пытаннях. Мерапрыемства аб’ядноўвае выбітных, высокапастаўленых удзельнікаў з усіх бакоў у важны момант, каб спрыяць канструктыўнаму дыялогу і зрабіць магчымы ўнёсак у адраджэнне тупіковых перагаворных працэсаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе. Асноўнымі тэмамі стануць перспектывы менскага працэсу па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны, будучыня адносін паміж Усходам і Захадам, заканчэнне тэрміну дзеяння пагадненняў аб кантролі над звычайнымі і ядзернымі ўзбраеннямі ў Еўраатлантычным рэгіёне. Акрамя таго, будуць абмяркоўвацца рэгіянальныя канфлікты і ўстойлівасць эканомікі Усходняй Еўропы.

«Адносіны паміж Усходам і Захадам — гэта страта ўзаемнага даверу, чаго не існавала з часоў «халоднай вайны», таму Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы не выбрала б лепшага месца для арганізацыі сустрэчы сёлета. У Менска доўгая гісторыя як месца для міжнародных намаганняў па вырашэнні канфліктаў і крызісаў», — цытуюць арганізатары старшыню Мюн-хенскай канферэнцыі Вольфганга Ішынгера.

belapan.by.

Фота securityconference.de.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *