Сплаў па Нёмане, прысвечаны 100-годдзю БНР, паспяхова завершаны

Аўторак, Кастрычнік 9, 2018 0

Завяршылася экспедыцыя па Нёмане ў гонар стагоддзя БНР, якую зладзілі актывісты з Лідчыны. На працягу сямі дзён было пераадолена больш за пяцьдзясят кіламетраў. Вандроўка праходзіла па маршруце: в. Агароднікі, в. Ганцавічы, в. Сялец, в. Беліца, в. Збляны, в. Панямонцы, в. Пескаўцы, в Моцевічы і завяршылася ў в. Орля.

Цягам васьмі дзён два плыты пад назваю «25 сакавіка» і «27 ліпеня» прайшлі Нёманам па тэрыторыі Лідскага, Наваградскага, Дзятлаўскага і Шчучынскага раёнаў Гарадзенскай вобласці.

плытыкна стромекмостккухарк

Цягам маршруту да экспедыцыі далучаліся актывісты з Бярозаўкі, Беліцы, Ліды, Гародні і Менска. Мэтаю яе правядзення было чарговы раз нагадаць жыхарам прылеглых да Нёмана населенных пунктаў аб важнай у гісторыі Беларусі даце — 100-годдзі БНР, зазначыў каардынатар абласной грамадскай ініцыятывы «Спадчына» Сяргей Трафімчык.

— Выбралі такі фармат — прайсціся па Нёмане з нашымі нацыянальнымі сцягамі, на бартах плытоў у нас былі банеры «100 гадоў БНР».

Адзін з удзельнікаў Вітольд Ашурак адзначае, што на працягу маршруту траплялася не так шмат рыбакоў, але некаторыя з іх віталі падарожнікаў воклічам: «Жыве Беларусь!».

Нажаль, моцны сустрэчны вецер не дазволіў прайсці ўвесь запланаваны маршрут, а гэта амаль сто кіламетраў, але арганізатары не адчайваюца і плануюць зрабіць падобныя сплавы традыцыйнымі.

Па факту час сплаву абмежаваўся не ветрам і не надвор’ем, а транспартам, які быў замоўлены, каб вярнуць плыты ў Беліцу, у “порт прыпіскі”.

Таму сёлетні сплаў атрымаўся як бы тэставым. Стала зразумела:

— што рабіць сплаў трэба на месяц-два раней;

— што дайсці да Лунна за 7-8 дзён не атрымоўваецца;

— што не ўсе людзі вытрымліваюць поўны маршрут, таму ў экіпажах павінна быць запланаваная пастаянная ратацыя, павінен быць спіс і графік папаўнення экіпажаў;

— павінны быць прадуманы  і арганізаваны сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, канцэрты пры кастры на месцах стаянак і г.д.

Аднак пачатак зроблены.

Наступны сплаў можа быць прысвечаны нейкай іншай даце, але першы прайшоў пад сцягам 100-годдзя БНР, за што ўдзельнікам — гонар і слава!

Андрусь Панямонаў,

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота аўтара і ўдзельнікаў

сплаву.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *