Навіны Германіі. ГЕРМАНІЯ ПЕРАД НОВЫМІ ПРАБЛЕМАМІ

Чацвер, Лістапад 15, 2018 0

Да вынікаў выбараў ў Гесэне

Праз два тыдні пасля выбараў у зямельны парламент Баварыі на выбрчыя ўчасткі прыйшлі жыхары федэральнай зямлі Гесэн.

Гэтымі выбарамі завяршаецца пяцігадовы цыкл 2013-2018 гг., цягам якога прайшлі выбары ў зямельныя парламенты ўсіх 16 федэральных земляў і двойчы (у 2013 і 2017 гг.) выбары ў Бундэстаг.

Нічога сенсацыйнага ў Гесэне не адбылося. Кожная з партый-суперніц атрымала прыблізна тую колькасць галасоў, якую прадказвалі ёй сацыёлагі. А сацыёлагі прадказвалі, што Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Сацыял-дэмакратычная партыя зведаюць вялікія страты.

Поспех прадказвалі зялёным і права-папулісцкай Альтэрнатыве для Германіі. Зялёныя набралі 19,8 адсотка галасоў. Прырост у параўнанні з 2013 годам склаў 8,7 працэнта. Альтэрнатыва ў 2013 годзе дэбютавала і атрымала тады падтрымку толькі 4,1 працэнта гесэнскіх выбаршчыкаў. Учора ж за яе прагаласалі 13,1 адсотка грамадзян, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.

Можна сказаць, што і зялёныя, і Альтэрнатыва забралі галасы ў хадэкаў і эсдэкаў. У 2013 годзе за «чорных» (колер хрысціянскіх дэмакратаў) галасавалі 38,3 працэнта выбаршчыкаў, сёлета ім перавагу аддалі 27 адсоткаў грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Чырвоныя (а дакладней — ружовыя) страцілі падтрымку 10,9 адсотка выбаршчыкаў: у 2013 г. яны набралі 30,7 працэнта галасоў, сёлета — 19,8 адсотка. Умацавалі свае пазіцыі таксама ліберальная Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) і Левая партыя.

Калі  працэнты галасоў пераводзіць на колькасць мандатаў, то хадэкі атрымалі ў 137-асабовым ландтагу Гесэна 40 месцаў, а сацыял-дэмакраты і зялёныя — па 29. 19 крэслаў у зямельным парламенце будуць належаць прадстаўнікам Альтэрнатывы, 11 — «жоўтым» (колер Свабоднай дэмакратычнай партыі) і 9 — Левай партыі.

Вынікам выбараў у Гесэне стала тое, што старая — чорна-зялёная ўрадавая кааліцыя захаваецца. Хадэкі і зялёныя атрымалі роўна 69 мандатаў у ландтагу, што дазваляе ім зноў сфармаваць кабінет. (Адной з асаблівасцяў Гесэна з’яўляецца тое, што лідэрам зялёных і віцэ-прэм’ерам зямлі з’яўляецца Тарэк аль-Вазір, сын немкі і еменскага араба, грамадзянін Гер-маніі і Емена). Некаторыя ж назіральнікі лічаць, што для большай стабільнасці земельнага ўрада ў Гесэне патрэбная і можа скласціся «Ямайка» — трохпартыйная чорна-зялёна-жоўтая кааліцыя (такія колеры сцяга Ямайкі).

Выбарамі ў Гесэне практычна завяршылася перамена палітычнага ландшафту ў Германіі. Цяпер правая Альтэрнатыва для Германіі прадстаўлена ва ўсіх зямельных парламентах і ў Бундэстагу. Яна стала трэцяй палітычнай сілай у краіне, пасунуўшы зялёных, лібералаў ды Левую партыю і наступаючы на пяты сацыял-дэмакратам.

Многія назіральнікі лічаць, што выбары 14 кастрычніка ў Баварыі, дзе хрысціянскія сацыялісты і сацыял-дэмакраты таксама панеслі страты, а таксама выбары ў Гесэне абвастрылі пытанне аб лідэры Хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Раздаюцца галасы, што Ангеле Меркель пара ўжо пакінуць капітанскі масток. Прадказваюць таксама распад вялікай урадавай кааліцыі хадэкаў і эсдэкаў у Берліне і стварэнне «ямайкі» на федэральным узроўні (чорныя, зялёныя і жоўтыя маюць у Бундэстагу 393 з 709 месцаў).

Пакуль што не падобна на тое, што сацыял-дэмакраты хочуць выйсці з кабінета Ангелы Меркель. Іх лідарка Андрэа Налес па выніках выбараў у Гесэне наракае на кааліцыю, але разам з тым хоча яе заха-ваць, бо лічыць выхад з альянсу небяспечным. Небяспека ж палягае ў тым, што фармаванне новага, трохпартыйнага, ураду Германіі можа зацягнуцца і нават скончыцца няўдачай, а гэта з неабходнасцю прывядзе да новых парламенцкіх выбараў, на якіх, як прадказваюць сацыёлагі, і сацыял-дэмакраты, і хрысціянскія дэмакраты пацерпяць істотныя страты. Калі раней у Германіі дамінавалі гэтыя дзве палітычныя плыні, то цяпер такой гарантыі няма. Германіі могуць пагражаць частая змена кабінетаў і перафарматаванне ўрадавых кааліцый, як гэта некалі было ў Італіі.

Анатоль Сідарэвіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *