Навіны Германіі. МУС Германіі будзе аплачваць жытло мігрантам, якія захочуць з’ехаць

Чацвер, Лістапад 29, 2018 0

МУС Германіі запусціла рэкламную кампанію ў берлінскім метро. Уцекачам, якія да 31 снежня 2018 года паведамяць нямецкім уладам аб сваім добраахвотным ад’ездзе на радзіму, будзе кампенсавана гадавая арэнда жылля на новым месцы (на суму да 3000 еўра), выдзелены грошы на будаўніцтва або рамонт жылля, або на абсталяванне.

Гіганцкія білборды са «спецпрапановай» 13 лістапада былі размешчаны на многіх станцыях берлінскага метро, МУС звяртаецца да пасажыраў на на сямі мовах: ангельскай, нямецкай, французскай, арабскай, пушту, фарсі і рускай, — паведамляе Deutsche Welle. На рэкламу было выдаткавана каля 500 тысяч еўра, але колькі мігрантаў скарысталіся бонусам — пакуль невядома.

У МУС Германіі тлумачаць, што мэтавая аўдыторыя рэкламнай кампаніі — замежнікі, якім адмоўлена ў Германіі ў статусе ўцекача. Нямецкія чыноўнікі лічаць, што добраахвотны ад’езд з краіны выгадны абодвум бакам: і самому мігранту, і Германіі. Мігранта ў гэтым выпадку не будуць прымусова саджаць у самалёт у суправаджэнні паліцэйскага, а таксама ён атрымае грашовы бонус. Цяпер гэта 1200 еўра, калі мігрант з’едзе яшчэ падчас разгляду сваёй заявы аб наданні прытулку і 800 еўра, калі чалавек пасля адмовы не стаў падаваць апеляцыю і з’язджае на радзіму ў зададзеныя тэрміны. Цяпер да канца 2018 года да гэтых грошай дадасца яшчэ і бонус на аплату жылля ад МУС Германіі.

Што тычыцца выгод, якія атрымлівае нямецкі бюджэт, то чыноўнікі тлумачаць, што адна прымусовая дэпартацыя каштуе нямецкім падаткаплатнікам 1500 еўра. У той жа час, калі мігрант сам і добраахвотна з’язджае з краіны, фінансавыя выдаткі дзяржаўных структур скарачаюцца напалову — у сярэднім да 700 еўра. Да таго ж для высылкі мігрантаў часта даводзіцца наймаць чартарныя рэйсы, а яны абыхо-дзяцца бюджэту значна даражэй, чым звычайны авіяпералёт эканомкласам у адзін канец.

Вопыт Германіі па «добраахвотнай» высылцы бежанцаў не ўнікальны: ад 2016 года паводле такой жа схемы працуюць, да прыкладу, Бельгія і Швецыя.

За першую палову 2018 года з Германіі, паводле ацэнак tagesschau.de, добраахвотна з’ехалі 10 669 чалавек. У той жа час прымусова дэпартавана было 12 261. Аднак гэтая колькасць можа вырасці ў наступным годзе: у лістападзе Бундэстаг зрабіў больш жорсткімі правілы прадстаўлення прытулку ў Германіі і ўвёў дадатковыя праверкі тых, хто яго просіць.

Deutsche Welle.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *