Старое пахаванне. Як захаваць памяць продкаў?

Чацвер, Лістапад 15, 2018 0

Аблічча старых гарадскіх могільнікаў — тэма трапяткая для насельніцтва. Лёс старых могілак (размешчаных па праспекце Перамогі ў Лідзе) складаны. Іх захаванасць і тэрытарыяльную цэласнасць трагічна парушалі падзеі і людзі 20 стагоддзя. «Гістарычны горад» у горадзе, заснаваны ў 1797 годзе, з мноствам магіл людзей розных саслоўяў і канфесій.

Сюды прывозілі хаваць не толькі гараджан, але і некаторых жыхароў Лідскага павета. Узрост могілак такі, што магіл, даўно не наведваных, вельмі шмат.

Тым не менш, яны — частка культурнай прасторы, якую неабходна вывучаць і правільна пра яе распавесці сучаснаму грамадству.

Наколькі аўтэнтычнасць гэтага гістарычнага некропаля можна зберагчы і захаваць? Ініцыятарамі такой задачы выступіла грамадскае аб’яднанне сяброў Лідчыны з г. Гданьска пры фінансавай падтрымцы праектаў аднаўлення помнікаў гісторыі і культуры Міністэрствам культуры Рэспублікі Польшча.

Гэтая ініцыятыва была падтрымана Лідскім раённым выканаўчым камітэтам, і праект ужо ў дзеянні. Супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея ў адзін з восеньскіх дзён наведалі гэтае «месца сну» ў суправаджэнні карэннай лідзянкі, прадстаўніцы адной з найстарых сем’яў горада Галіны Лаўрэш (з сям’і Хруль). Пачынаючы гутарку пра рэалізацыю дадзенага праекту, яна сказала:

— Гісторыя гэтага горада — гэта фактычна гісторыя і маёй сям’і з 1527 года.

 да1к

Мы пазнаёміліся з цікавым падыходам, пакладзеным у аснову канцэпцыі аднаўлення, распрацаванай прафесарам архітэктуры і спецыялістам па паркавым дызайне Катажынай Размарыноўскай. Гэта так званая рамантычная рэстаўрацыя («арганізаваная занядбанасць»). Надмагіллі захоўваюцца ў існым выглядзе (закансерваваны, што вельмі важна!), але надпісы «адкрыты» для чытання (і вывучаны, што каштоўна!). Дазваляецца ачыстка і вываз смецця, але не фрагментаў надмагілляў і агародж, да якога б перыяду гісторыі могілак яны ні адносіліся. Высякаецца хмызняк, асобныя старыя дрэвы фрагментарна ўключаюцца ў агульную кампазіцыю або высаджваюцца новыя тых жа парод. Аднаўляецца гістарычная трасіроўка алей і дарожак. І што ў дадзеным выпадку важна — аднаўляецца фундатарская агароджа могілак 1903 года.

Менавіта надмагіллі — натуральная прыналежнасць і каштоўнасць любых могілак. Розных памераў, стыляў, вы-кананыя ў традыцыйных матэрыялах; наіўныя — самадзейных разбяроў, тыпавыя, аўтарскія, нарэшце, сапраўдныя шэдэўры сепулькральнага мастацтва. Надмагільныя помнікі — гэта дэманстрацыя сацыяльнага і фінансавага становішча, на гэтых могілках повятовая шляхта гэта паспяхова дэманстравала. Мы ўбачылі надмагіллі з граніту, пясчаніку, цэглы, дзікага каменю, шмат рэдкіх узораў чыгуннага ліцця і коўкі. Характэрна, што вельмі рэдка сустракаюцца паўторы вонкавага выгляду надмагілляў — знак таго, што грошай на гэтыя мэты не шкадавалі…

Тут жа можна разглядзець надмагільныя сімвалы і знакі. Выпадковаму чалавеку яны невядомыя: дэндралагічныя помнікі ў выглядзе ствалоў без галінак, часцей за ўсё падкажуць пра пахаванне чалавека, у якога няма спадчыннікаў; плюшч — знак вечнага жыцця; паходня — знак канца жыцця; зламаная ружа — знак сыходу чалавека ў росквіце гадоў; вянок з руж — знак дабрадзейнасці; галінка  лаўру — неўміручасць і чысціня; свечкі — хуткабежнасць жыцця…

Гэта так званыя, лапідарныя «лісты». Часам іх завуць (па форме помнікаў) «квадратнымі лістамі» будучым пакаленням. Вынікам працы на працягу года ў рамках дадзенага праекту стаў цэлы пласт «адкрытых» (расчышчаных) прачытаных і дадаткова вывучаных «каменных лістоў». На плітах чытаецца найкаштоўнейшая інфармацыя пра тое, хто пахаваны, з якой сям’і і род заняткаў памерлага. Бяры і чытай рэальную гісторыю жыцця людзей горада Ліды і Лідскага павета!

после1кпосле2к

Вельмі важна, што гэтае месца, нягледзячы на разбурэнні на яго тэрыторыі, захавала архітэктурную кампазіцыю. Размяшчэнне вонкавых і ўнутраных элементаў, усё яшчэ ўзгоднена паміж сабой і творыць адзінае цэлае, у якім вызначальнымі з’яўляецца глыбінная кропка капліцы ў гонар хрысціянскай вялікапакутніцы Святой Варвары. Заснавана капліца ў 1805 годзе; у яе сценах гучаў орган, яна спазнала пажар, зацягнутую рэстаўрацыю, доўгае запусценне і толькі на стыку стагоддзяў ХХ і ХХІ яе аднаўленне было завершана.

Назапасілася досыць аргументаў, каб надаць самаму старому з захаваных могільнікаў горада, рэгіянальны статус гістарычна — культурнай каштоўнасці. Гэта вельмі важна для гісторыі самога горада і генеалагічных (біяграфічных) даследаванняў пра людзей, якія яго засялялі… Дарэчы, падобныя аб’екты многія гарады ўключаюць у настальгічныя турыстычныя туры для невялікіх груп людзей.

Таццяна Нікіфарава,

г. Ліда.

 

Здымкі Лідскага гістарычна-мастацкага музея. На сярэднім здымку: Наталля Хацяновіч (музей), Галіна Лаўрэш, Таццяна Нікіфарава (музей).

 

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *