Высакародны ўчынак беларускага трэнера па боксу да свята Дзядоў

Аўторак, Лістапад 6, 2018 0

Каля зусім невялічкай вёсачкі Чараўкі, што схавалася ў лесе каля в. Біскупцы на Лідчыне, давялося бачыць апошнім часам цудоўныя рэчы. На мясцовых амаль закінутых ды зарослых хмызняком і дрэвамі могілках з’явіўся сапраўдны гаспадар, які за даволі кароткі адрэзак часу зрабіў неверагодны аб’ём работ па іх добраўпарадкаванні.

Могілкі набылі прыстойны выгляд. Уся тэрыторыя пачышчана ад густа парослага хмызняку, прыбраны і выкарчаваны звыш 20-ці шматгадовых хвой. Усталявана новая прыгожая агароджа з бетонных секцый у памеры звыш за 200 метраў і з уваходнай брамай. На брамцы два маленькія крыжыкі апавяшчаюць пра шанаванне двух хрысціянскіх веравызнанняў: праваслаўнага і каталіцкага. Да ўсяго стала вядома, што на гэтым работы яшчэ не скончаны і ў планах ёсць упарадкаваць дарожку прыгожай брукаванкаю.

Гэта годная, да таго ж вельмі затратная справа зроблена высілкамі і на сродкі вядомага, і знакамітага на Лідчыне чалавека — трэнера па боксу, Аляксандра Іванавіча Памахі, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы. І ўсе работы выконваліся з непасрэдным фізічным удзелам самаго сп. Памахі.

Аляксандр Іванавіч за 40 год сваёй плённай трэнерскай працы падрыхтаваў шмат паспяховых спартоўцаў. Сярод іх — добрыя майстры спорту і нават удзельнік Алімпійскіх гульняў, майстар спорту міжнароднага класа — сп. Міхась Бярнацкі.

плотк

bty

bty

Адметна, што аднавіўшы і ўпарадкаваўшы месца пахавання сваіх бацькоў сп. Аляксандр усталяваў па іх новыя прыгожыя помнікі. А надмагільныя надпісы на іх выкананы на роднай беларускай мове, што, нажаль, яшчэ з’яўляецца даволі рэдкай з’явай у нашым жыцці.

Заўважна і тое, што гэты высакародны ўчынак, які здзейсніў беларускі спартыўны трэнер, якраз прыпаў да беларускага восеньскага свята ў гонар памерлых продкаў — Дзядоў, калі спакон вякоў беларусы ўшаноўвалі памяць сваіх прашчураў.

nslowa.by.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *