З’явіцца ў дзённіку Віктара Шніпа і запіс аб сустрэчы з паэтамі Лідчыны

Чацвер, Лістапад 29, 2018 0

Днямі ў канферэнц-зале Лідскага замка, у рамках чарговага паседжэння літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты», адбылася сустрэча з беларускім паэтам, празаікам, галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктарам Шніпам.

Віктар Анатольевіч Шніп — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2008), з таго ж 2008 года з’яўляецца галоўным рэдактарам аднайменнага выдавецтва. Акрамя таго што выдае кнігі іншых пісьменнікаў, мае многа сваіх — больш за дваццаць кніг паэзіі, прозы, дзён-нікавых запісаў. Шмат вершаваных тэкстаў паэта пакладзена на музыку беларускімі рок-групамі.

Знаёмства Віктара Шніпа з будучым кіраўніком літаб’яднання «Суквецце» Алесем Хітруном адбылося яшчэ ў 2007 годзе ў Вязынцы, на малой радзіме Янкі Купалы, куды Алесь прыехаў у складзе дэлегацыі лідскіх паэтаў на ўрачыстасці з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Купалы. Другая сустрэча галоўнага рэдактара выдавецтва з Менска і кіраўніка літаб’яднання з Лідчыны мела месца ў 2014 годзе ў музеі Васіля Быкава ў Ждановічах. У верасні таго ж года Віктар Шніп па запрашэнні Алеся Хітруна наведаў Ліду. Тады ў Лідзе якраз было свята горада. Алесь правёў для госця экскурсію па Лідскім замку. Запісы аб тым прыездзе ў наш горад ёсць у дзённікавай прозе пісьменніка. Ліда тады стала адным з пунктаў яго маршруту Менск — Ліда — Мураванка — Жалудок, які быў працягам паездкі па Еўропе.

І вось, праз чатыры гады, Віктар Анатольевіч зноў прыехаў у наш горад, у канферэнц-зале Лідскага замка сустрэўся з сябрамі літаб’яднання «Суквецце», а таксама з вучнямі СШ № 11 (магчыма, і аб гэтай сустрэчы пісьменнік згадае ў сваім дзённіку).

Трэба адзначыць, што перад тым як наведаць замак, Віктар Шніп пабываў у Крупаве, на малой радзіме Алеся Хітруна, выступіў перад вучнямі мясцовай школы. Заглянуў ён і ў домік Таўлая каля замка.

— Гэта вельмі добра, што пры вашым музеі існуе літаратурны аддзел, — адзначыў пазней Віктар Анатольевіч, — што тут збіраюцца звесткі аб паэтах Лідчыны. Дзякуючы гэтай рабоце паэты застануцца ў гісторыі вашага краю, аб іх будуць ведаць нашчадкі.

Выступаючы ў канферэнц-зале Лідскага замка, пісьменнік многа і цікава расказваў аб сваім жыццёвым і творчым шляху, аб сваім станаўленні як літаратара, аб асаблівасцях працы ў выдавецтве, адказваў на пытанні.

паэтыкіусекі

Нарадзіўся Віктар Шніп у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна, усяго за дзесяць кіламетраў ад Купалавай Вязынкі. Яшчэ ў маладыя гады меў шчасце сустрэцца з некаторымі класікамі беларускай літаратуры. Напрыклад, насіў свае вершы ў сшытках Рыгору Барадуліну; маладому Віктару Шніпу паціснуў руку Уладзімір Караткевіч; у Доме літаратара, у час святкавання юбілею часопіса «Мала-досць», малады паэт сустрэўся з Васілём Быкавым… У час вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве Віктар Шніп пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Людмілай Рублеўскай, паэтэсай і празаікам.

Расказваючы аб сваёй творчасці, паэт адзначыў, што, акрамя іншага, яго пяру належыць вялікі цыкл балад (каля трохсот) аб знакамітых людзях Беларусі, пачынаючы з Ефрасінні Полацкай і заканчваючы сучаснікамі, і гэты цыкл працягваецца. На многія вершаваныя тэксты паэта напісаны песні. Гаворачы аб песнях, Віктар Анатольевіч згадаў аб сваёй сустрэчы з кампазітарам Ігарам Лучанком, які напісаў на словы паэта «Гімн работнікаў культуры».

Звяртаючыся да лідскіх паэтаў, Віктар Шніп падкрэсліў, што чалавеку, які піша, важна шмат чы-таць, пастаянна пашыраць сваю літаратурную дасведчанасць.

— Паэзія патрабуе да сябе сур’ёзных адносін, — казаў Віктар Анатольевіч. — Калі ты паэт — ты павінен даказваць, што ты паэт, штодзённа. Як кажуць, ні дня без радка. Паэты нясуць святло ўсім, хто чытае або слухае іх творы. Працягвайце несці святло паэзіі людзям і вы. Пішыце, чытайце, друкуйцеся — усё ў вас атрымаецца.

 

Напрыканцы сустрэчы кожны жадаючы мог набыць кнігу дзённікавай прозы Віктара Шніпа «Пугачоўскі цырульнік».

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *