На лідскіх курсах «Мова нанова» глядзелі батлейку

Серада, Снежань 26, 2018 0

12 снежня ў Лідзе на курсах «Мова нанова» адбылася прэзентацыя прыватнай батлейкі. Ініцыятарам яе стварэння стаў мясцовы бізнесовец Віталь Карабач — гаспадар аграсядзібы «Гасьціна», які адразу атрымаў творчы псеўданім “Карабач-Барабач”. Па яго словах, ідэя стварэння беларускай батлейкі ўзнікла амаль тры гады таму. І вакол гэтай ідэі адразу ж з’явіўся гурток аднадумцаў — цесляры, якія стваралі сцэну міні-тэатра, мастакі, якія выраблялі лялькі і адзенне для персанажаў пастановак, самадзейныя акцёры, якія ўдзельнічаюць у прадстаўленнях. Усіх іх аб’яднала любоў да Беларусі, яе гісторыі і мастацтва.

батлейшчыкікізалакі

— Вясна была. Я прачнуўся і ўключыў тэлевізар. Пабачыў лялечны гарадзенскі тэатр. Паглядзеў. Мяне захапіла гэтая ідэя. Я тыдзень пражыў з гэтай ідэяй. Паехаў да мастака. Ён мне сказаў, так, лялечны тэатр, гэта файна, але трэба рабіць батлейку, бо гэта менавіта нашая гісторыя, гэта будзе больш цікава. З’явілася Алёна Ткачова. Гэта майстар, які захопены батлейкай. І тут супала ўсё. У яе была мара, каб батлейка заставалася ў Беларусі.

Падчас прэзентацыі прыватная батлейка паказала п’есу Сяргея Кавалёва «Чарнакніжнік». Пры гэтым, памяшканне арт-прасторы Ga11ery ледзьве змагло змясціць усіх гледачоў.

На прадстаўленні прысутнічала дырэктар Лідскага дома рамёстваў Алена Шчэліна, дзе таксама ёсць батлейка. Яна засталася вельмі задаволенай. Лідскія батлейкі адрозніваюцца адна ад другой, але выконваюць адну задачу, нясуць людзям беларускую культуру і беларускую мову.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота С. Судніка.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *