Навіны Германіі. Пераемніцай Меркель стала прыхільніца жорсткай антыпуцінскай лініі

Панядзелак, Снежань 17, 2018 0

Выбары ў Хрысціянска-дэмакратычным саюзе скончыліся перамогай 56-гадовай Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр. Яна ўзначаліць партыю, а праз тры гады мае стаць кандыдаткай ад партыі ў канцлеры Германіі. Раней яна кіравала заходняй зямлёй Саар і толькі нядаўна пераехала ў Берлін.

— Так, я ведаю, што маё прозвішча цяжка вымавіць, — жартуе яна.

Нямецкая прэса называе яе проста: АКК.

Меркель была дачкой пратэстанцкага пастара, Крамп-Карэнбаўэр — каталічка. Па поглядах яна блізкая да Меркель — як у эканоміцы, так і ў маральных пытаннях, а таксама ў поглядах на Еўрапейскі Саюз і ролю Германіі ў свеце. Яе лічаць здольнай да пошуку кампрамісаў. У Саары яна кіравала ў кааліцыі з “зялёнымі” і лібераламі.

Меркель праславілася сваёй здатнасцю кіраваць бесканфліктна і прыслухоўвацца да розных сілаў. Падчас доўгага кіравання Меркель Германія стала безумоўнай лідаркай Еўрасаюза, а Еўрасаюз упершыню стаў успрымацца як сусветны цэнтр сілы. ЕС удалося істотна падняць эканамічны патэнцыял і дабрабыт новых членаў на ўсходзе Еўропы. Узровень жыцця ў Польшчы, Балтыі, Славаччыне наблізіўся да сярэднееўрапейскага, хоць гэта выклікала нараканні ў краінах «старой Еўропы», бо бізнэс масава пераносіў вытворчасць на ўсход.

На з’ездзе ХДС Крамп-Карэнбаўэр атрымала 517 галасоў з 999 у другім туры выбараў.

Новая кіраўніца хрысціянскіх дэмакратаў вядомая як валявы палітык. У Саары яна спачатку ўзначальвала Міністэрства ўнутраных спраў. Адзначылася яна і цвёрдай лініяй у адносінах да рэжыму Пуціна. Пасля нападу на ўкраінскія караблі ў Керчанскай пратоцы яна прапанавала заблакаваць еўрапейскія порты для расійскага флота.

Сяргей Гезгала;

фота Ройтэрз.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *