“Нясвіжскія каеты” — новае выданне ТБМ

Серада, Снежань 5, 2018 0

24 лістапада 2018 года ў Нясвіжы на сходзе нацыянальнай грамады, ядро якой на сёння стварае Нясвіжская раённая арганізацыя ТБМ, абвешчана аб заснаванні чарговага выдання ТБМ — гістарычна-краязнаўчага часопіса “Нясвіжскія каеты”. Што за “каеты”, адкуль яны ўзяліся?

Слова “кает” бытавала на Нясвіжчыне да 60-х гадоў 20-га стагоддзя і абазначала просты сшытак. Паступова школьныя словы “сшытак” і “тетрадь” выцеснілі “кает”, і слова пачало забывацца. У памяці жыхароў вёскі Сейлавічы захавалася сцэнка з жыцця, калі бабка прыйшло ў сяльмаг і папрасіла “кает”. Маладая і ўжо “вучоная” магазіншчыца слова такога не ведала, а прысутны народ падказваць не спяшаўся, чакаючы, што з таго цырку выйдзе. Кает бабка ўсё-такі купіла, а нясвіжскія краязнаўцы паміж словамі “хроніка”, “аналы”, “запісы” выбралі слова “каеты”, каб вярнуць яго з небыцця. Слова “кает” у польскай мове пазначана як састарэлае і больш не ўжываецца. Паходзіць яно недзе з італьянскай ці французскай мовы.

Назва вызначыла і форму часопіса. Форма самая простая — без усякай тэматычнай прывязкі і строгіх рубрык. Якія матэрыялы ўдасца падрыхтаваць, тыя і ідуць у нумар. Зрэшты, ёсць у Польшчы “Zeszyty historyczne” (“Гістарычныя сшыткі”). Але ў нас будуць “каеты”.

Часопіс спланаваны як электронны, канцавы прадукт будзе выходзіць у рэжыме ПДФ адзін раз на квартал. Кожны зможа сам раздрукаваць сабе папяровую версію.

Вызначана рэдкалегія:

Дранчук Валер, журналіст, пратэстны эколаг, сябар ТБМ; заснавальнік і выдавец газеты «Белавежская пушча» (1995 — 2001); аўтар каляндарнай серыі «Маляўнічая Бацькаўшчына», кніг і праектаў па захаванні культурнай спадчыны і прыроднага асяроддзя; лаурэат міжнароднай прэміі Генры Форда (1999) і прэміі Пэн-цэнтра імя Алеся Адамовіча. Жыве ў Нясвіжы.

Качановіч Леанід, гісторык, педагог, сябар ТБМ; адзін з укладальнікаў кнігі гістарычнай хронікі  «Гарадзея», памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім. Жыве ў Гарадзеі.

Плакса Наталля, школьны педагог, краязнаўца, старшыня раённай арганізацыі ТБМ;  аўтар  культурна-гістарычных выпускаў раённага радыёвяшчання па Менскай вобласці; суаўтар каляндарнай серыі «Маляўнічая Бацькаўшчына» («Невядомая Нясвіжчына»). Жыве ў Карцэвічах Нясвіжскага раёна.

Суднік Станіслаў, рэдактар газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі летапісец”, намеснік старшыні ТБМ, родам з в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна.

Першы нумар “Нясвіжскіх каетаў” мае выйсці пад канец сакавіка 2019 г.

Яраслаў Грынкевіч.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *