З літаратурай і па-мастацку наведаў Віктар Шніп Крупаўскую сярэднюю школу

Серада, Снежань 12, 2018 0

Мая малая радзіма… Мой родны кут. Заўсёды пяшчотна і радасна ўзгадваю вёску (аграгарадок) Крупава, што на Лідчыне. Тут прайшло маё дзяцінства, тут я скончыў Крупаўскую сярэднюю школу. Заўсёды, калі я пераступаю яе парог, то хваляванням няма мяжы. Тым больш, калі сам запрашаю ў яе ўтульныя сцены знакамітых асоб Беларусі, а менавіта тых, хто сёння стварае сучасную беларускую літаратуру, тых, чые імёны вядомы хоць знешне ў школьнай праграме, чые кнігі змяшчаюцца на бібліятэчных паліцах. Тады тут пануе сапраўднае свята, якое не часта бывае ў вясковых школах. Так, памятаю, у 2007 годзе тут, у школьных сценах па маёй ініцыятыве была сустрэча з галоўным рэдактарам дзіцячага беларускага часопіса «Вясёлка» Уладзімірам Ліпскім. Памятаю тут сустрэчу з Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным. А на гэты раз я зноў зрабіў падарунак для роднай школы. Сюды завітаў вядомы пісьменнік, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. Сустрэча адбылася з вучнямі і настаўнікамі ў школьным гістарычна-краязнаўчым музеі «Час. Падзеі. Людзі», дзе асобна змяшчаецца экспазіцыя пра вядомага падарожніка, вучонага Ігнацыя Дамейку, які жыў у свой час непадалёку ад Крупава.

Затаіўшы дыханне вучні слухалі аповеды госця, баючыся ўпусціць цікавыя моманты з жыцця і творчасці пісьменніка. А паслухаць было што! Віктар Анатольевіч згадаў гісторыю напісання свайго першага верша, распавёў пра незабыўнае знаёмства з Вязынкай — малой радзімай Янкі Купалы, куды насіў вершы яшчэ хлапчуком з мэтай пазнаёміцца з вядомым класікам беларускай літаратуры, падзяліўся момантамі са сваіх прыгодніцкіх ўчынкаў, пра вучобу і працу ў выдавецтве. З задавальненнем адказаў на пытанні прысутных. І, безумоўна, зачытаў свае вершы. А найбольш актыўныя слухачы атрымалі на памяць кнігу «Пугачоўскі цырульнік» з аўтографам аўтара. Папоўніў фонды школьнага музея таксама асобнік гэтага выдання, а таксама памятны запіс у кнізе водгукаў. Напрыканцы, Віктар Анатольевіч завітаў у бібліятэку, што знаходзіцца ў будынку школы, пацікавіўся яе кніжным фондам. Вядома, значная частка кніг выходзіць у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Потым госць наведаў літаратурны аддзел (дом Валянціна Таўлая) Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Пасля адбылася яшчэ адна сустрэча — у канферэнц-зале Лідскага замка.

Трэба нагадаць, што ў 2014 годзе паважаны пісьменнік быў таксама ў Лідскім замку, аб чым узгадаў у сваім дзённікавым рамане «Заўтра была адліга». Пазней стала вядома, што пра сёлетнюю сустрэчу паэт таксама збіраецца занатаваць у сваіх чарговых мемуарах.

Алесь Хітрун,

былы выпускнік Крупаўскай сярэдняй школы.

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *