«Энергія душы» ад Уладзіміра Васько

Серада, Студзень 2, 2019 0

Літаратурнае аб’яднанне «Суквецце», якое існуе пры рэдакцыі «Лідскай газеты» кожны месяц збірае сваіх аднадумцаў, прыхільнікаў мастацкага слова ў літаратурным аддзеле (доме Валянціна Таўлая) Лідскага гістарычна-мастацкага музея. А гэты раз мясцовыя літаратары сабраліся на прэзентацыю чарговай кнігі Уладзіміра Васько «Энергія душы», якая нядаўна выйшла ў друк з Лідскай друкарні і прысвечана малой радзіме аўтара — вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Гэта ягоная шостая па ліку кніга. А першай — «Прасветленасць» —  было наканавана парадаваць чытачоў у 1981 годзе. Другая — «На схілах берагоў» — выйшла ў свет у 1997 годзе, потым — «Кругаварот жыцця» — у 2011 годзе, «Лясная рапсодыя» — 2013 год, «Зігзагі лёсу» — 2017 год.

 васькокнаталляк

У новай кнізе змешчаны вершы і проза аўтара. Выданне апавядае пра вёскі Наднямоння, родную прыроду, адносіны паэта да людзей і часу. Акрамя гэтага чытач знойдзе ў кнізе лірычныя, спавядальныя творы, вершы грамадзянскага гучання, цыкл вершаў для дзіцячай аўдыторыі і фантастычную аповесць для дзяцей «На залатой планеце». Знайшлося месца ў кнізе і для паэтычнай фантастыкі «Лідскія паэты ў космасе», «На Венеры», «Фантазія» і інш., а таксама прозы «Водпаведзь», «Завіток», «Ідзі, мой міленькі!», «Балэбка»,  «Знявераны».

За пля-чыма Уладзіміра Гаўрылавіча — Гарадзенскі педінстытут (цяпер дзяржаўны ўніверсітэт) імя Янкі Купалы, праца ў рэдакцыях Шчучынскай (1959 -1960), Дзятлаўскай (1967-1972) і Лідскай (1972-2000) раённых газет. Трэба зазначыць, што да 2003 года У. Васько кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Суквецце», між іншым, назву  якому таксама даў ён. А ў 2007 годзе шаноўны лідскі пісьменнік быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Выхад кнігі — гэта заўсёды радасць не толькі для яе аўтара, але і для чытача, тым больш, калі яго творы становяцца запатрабаванымі. У гэтым можна было ўпэўніцца падчас прэзентацыі, калі гучалі цёплыя водгукі чытачоў ад ранейшых прачытаных яго кніг. Было прыемна пачуць вершы з вуснаў самога аўтара і гісторыю іх узнікнення. Напрыканцы кожны ахвочы змог набыць чарговы асобнік з аўтографам Уладзіміра Васько. Вядома, напісанае застаецца ў гісторыі. А ў планах Уладзіміра Гаўрылавіча — папоўніць кніжную гісторыю. І гэта значыць, што наперадзе яшчэ не адна кніга лідскага пісьменніка.

Алесь Хітрун,

кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Суквецце».

Каментароў няма.

Дадаць каментар

Ваш email не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *